14 мая ў судзе Партызанскага раёна Мінска быў абвешчаны прысуд экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву і чатыром шараговым удзельнікам акцыі. Суддзя Наталля Чацвярткова засудзіла за ўдзел і кіраванне «масавымі беспарадкамі» экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (пракурор Антон Загароўскі прасіў сем гадоў).

Алег Гнедчык за ўдзел у «масавых беспарадках» асуджаны на 3,5 года, Ілья Васілевіч, Фёдар Мірзаянаў, Уладзімір Яроменак — на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усе яны абвінавачваліся паводле артыкула «масавыя беспарадкі» (максімальны тэрмін — да 15 гадоў)

 Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

 Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Дзяржабвінаваўца палічыў віну усіх падсудных даказанай. Усе, апрача Саннікава, актыўна ўдзельнічалі ў пагромах, аказвалі супраціў міліцыі. Саннікаў, паводле Загароўскага, арганізаваў масавыя беспарадкі, узначаліў іх, загадзя спланаваў і падрыхтаваў правакацыі. Ён заклікаў людзей прарвацца ў Дом урада, правакуючы натоўп, і двойчы падыходзіў да дзвярэй будынка, заявіў пракурор.

На абвяшчэнне прысуду сёння прыйшоў свет народу: сваякі, знаёмыя, прадстаўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў. Усе не змясціліся ў зале, разлічанай на 70–80 чалавек. Маці Фёдара Мірзаянава не пусцілі на абвяшчэнне прысуду, яна спрабавала прабіцца ў залу суда: «Пусціце мяне да сына!». Яе так і не пусцілі.

Андрэй Саннікаў пасля абвяшчэння прысуду паспеў крыкнуць: «Беражыце маю сям’ю!».

Дарэчы, 15 мая сыну Андрэя Саннікава і Ірыне Халіп споўніцца 4 гады.

Аднагрупнікі Фёдара Мірзаянава выгукнулі: «Федзя, мы з табой!». Людзі, шакаваныя прысудам, крычалі: «Ганьба!»

Цягам 10 дзён можна падаць касацыйную скаргу, адвакаты Саннікава Варвашэвіч і Кавалеўская пасля абвяшчэння прысуду заявілі, што лічаць яго незаконным:

«Не было прыведзена ніводнага доказу», -- заявілі яны.

Цесць А. Саннікава Уладзімір Халіп выступіў з досыць рэзкай заявай: «Яны думаюць, што Саннікаў будзе сядзець 5 гадоў, але ён і блізка не будзе сядзець столькі. Ён будзе вызвалены народам,

а той, хто пасадзіў у турму, хутка сам апынецца на лаве падсудных».

Маці Фёдара Мірзаянава сп-ня Людміла падзякавала аднагрупнікам сына, што прыйшлі падтрымаць яго таварыша, а таксама сваім калегам-псіхолагам, якія падтрымлівалі яе, і Андрэю Саннікаву за падтрымку сына.

«Раней я была апалітычнай асобай, але зараз я абавязкова пайду на Плошчу», -- сказала яна.

Дарэчы падчас абвяшчэння выраку суддзя чытала цалкам тэкст прысуду, але праз гадзіну 15 хвілін Андрэй Саннікаў умяшаўся і папрасіў прачытаць толькі выніковую частку, зазначыўшы, што ў зале суда прысутнічае яго старая маці.

* * *

Такім чынам, па стане на вечар 14 траўня за ўдзел у Плошчы (падзеі 19 снежня і падзеі, што папярэднічалі ім) асуджаныя 27 чалавек:

за ўдзел у масавых беспарадках, апроч А.Саннікава, А.Гнедчыка, Ф.Мірзаянава, І.Васілевіча, У.Яроменка,

Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Алесь Кіркевіч асуджаны на 4 гады зняволення, Павел Вінаградаў — на 4 гады, Андрэй Пратасеня — 3 гады, Зміцер Дрозд — на 3 гады, Уладзімір Хамічэнка — 3 гады.

Уладзімір Лобан асуджаны да 3 год пазбаўлення волі, Андрэй Федаркевіч — да 3,5, Яўген Сакрэт — да 3, Сяргей Казакоў — да 3, Дзмітрый Даронін — да 3,5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму, Віталь Мацукевіч — да 3 гадоў калоніі строга рэжыму.

За падрыхтоўку дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), на 2 гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.

Апроч таго, за злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

* * *

У панядзелак, 16 мая, будзе вынесены прысуд кіраўніку штаба Віталя Рымашэўскага Паўлу Севярынцу (пракурор запатрабаваў асудзіць яго тры гады хіміі), журналістцы, жонцы Андрэя Саннікава Ірыне Халіп (два гады абмежавання волі з адтэрміноўкай), кіраўніка штаба Міколы Статкевіча Сяргею Марцалеву. (два гады абмежавання волі з адтэрміноўкай).

У Мінску працягваюцца два судовыя палітычныя працэсы:

над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Міколам Статкевічам і Дзмітрыем Усам, а таксама шараговымі ўдзельнікамі акцыі Андрэем Пазняком, Аляксандрам Класкоўскім-малодшым, Аляксандрам Квяткевічам, Арцёмам Грыбковым, Дзмітрыем Буланавым. Ім пагражае да 15 гадоў зняволення

над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім, чальцамі выбарчага штаба Някляева — Андрэем Дзмітрыевым (кіраўнік штаба), Аляксандрам Фядутам (паліттэхнолаг), Сяргеем Вазняком, а таксама грамадскай актывісткай Настай Палажанкай. Ім пагражае да трох гадоў зняволення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?