Такую заяву зрабіў галоўны прэс-сакратар нямецкага канцлера Ангелы Мэркель Штэфэн Зайбэрт.

Афіцыйны прадстаўнік фэдэральнага ўраду адзначыў, што, наведваючы на гэтым тыдні ў бэрлінскім Гістарычным музэі фотавыставу «Über Leben», прысьвечаную лягерам уцекачоў, Ангела Мэркель узгадала цяжкае становішча беларускай апазыцыі. Яна заклікала прэзыдэнта Беларусі Лукашэнку «забясьпечыць урэшце сваім грамадзянам тыя свабоды, якімі карыстаецца большасьць людзей у Эўропе», паведамляе сайт нямецкага ўраду.

Нямецкі ўрад выказвае сваю заклапочанасьць у сувязі з тымі палітычнымі працэсамі, якія праводзяцца цяпер над удзельнікамі мірнай акцыі 19 сьнежня.

«Гэта людзі, якія мужна заявілі пра свае перакананьні, выступілі за свабоду і дэмакратыю. Яны заслугоўваюць нашай салідарнасьці», падкрэсьліў прэсавы сакратар канцлера Мэркель.

Ад імя фэдэральнага ўраду ён заклікаў Менск неадкладна вызваліць усіх зьняволеных.

Паводле ягоных слоў, «ня можа быць ніякай нармалізацыі адносін паміж Нямеччынай і Беларусьсю, пакуль апазыцыя сядзіць у турме або пад хатнім арыштам і пакуль на парадку дня ў Беларусі стаяць абуральныя парушэньні правоў чалавека».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?