Былы падпалкоўнік контрразведкі КДБ Сяргей Аніська ў свой час перайшоў у апазіцыю. Цяпер у судзе Партызанскага раёна судзяць ягонага пляменніка Фёдара Мірзаянава. Спадар Аніська адказаў на некалькі пытанняў «НН».

«Наша Ніва»: Якія ўражанні пакідае суд?

Сяргей Аніська: Абурэнне. А яшчэ горыч і крыўду за Фёдара. Калі першыя дні суддзя спрабавала стварыць бачнасць справядлівага разгляду справы, то цяпер ужо нават не клапоціцца пра гэта. Гэта падобна да пастаноўкі спектакля. «Пацярпелыя» спецназаўцы ў адным судзе кажуць адно, у іншым — зусім процілеглае. Мне толькі цікава, што яшчэ яны новага выдумаюць.

«НН»: У справядлівы вырак верыце?

СА: Нічога нармальнага ад гэтага суда я не чакаю. Канечне, недзе ў глыбіні душы хочацца верыць, што ў суддзі Чацвяртковай спрацуе абарончы механізм. Хаця потым я сам смяюся з такіх развагаў.

«НН»: Як Вам паводзіны на судзе пляменніка, Фёдар выбраў правільную тактыку?

СА: Выбраў адзіную магчымую. Ён малайчына, не зламаўся. Яму яшчэ калі затрымлівалі на суткі, прапаноўвалі падпісаць прызнанне, што вінаваты. Абяцалі адпусціць, але Федзе адмовіўся. Стойкі хлопец.

«НН»: Лістуецеся з ім?

СА: Так, вядома. Вось у шуфлядзе ляжыць больш за дваццаць ягоных лістоў. Апошняе, што дасылаў, — гэта віншаванне з Днём Перамогі. Той, якая ўжо была. І нашай, якая яшчэ будзе.

«НН»: Чым Вы самі зараз займайцеся, неяк нічога не чуваць?

СА: Контрразведчыкі не павінны быць у авангардзе. Я нікуды не знік, поглядаў таксама не памяняў. Працую, жыву. Адышоў толькі ад актыўнай журналістыкі. Некалі Фядута напісаў, што журналістам можна быць толькі да сарака гадоў, а тады ці пішы кнігу, ці завязвай. Мне гэтая цытата спадабалася. Супрацоўнічаю з некаторымі нашымі выданнямі, замежнымі. Выказваюся як эксперт.

«НН»: На Плошчы былі?

СА: Вядома, дзе ж мне яшчэ было быць? Дарэчы, 19 снежня — гэта дзень вайсковай контрразведкі КДБ. Фёдар хацеў мяне павіншаваць з гэтым днём, але на Плошчы так і не сустрэліся. Затое сустрэў аднаго калегу. Хацелі зайсці ў Дом афіцэраў, каб адзначыць, але там было зачынена. На Дзяржынскага таксама. Так і дайшлі да плошчы Незалежнасці.

«НН»: На суд над іншым афіцэрам Міколам Статкевічам не збіраецеся?

СА: Я вельмі паважаю Міколу. Але мой доўг быць там, дзе судзяць майго пляменніка. Хай мне і забаранілі быць у зале. Буду пісаць яшчэ скаргі. Над Статкевічам працэс толькі пачынаецца, таму, думаю, паспею і да яго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?