У сувязі з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў Беларусі той-сёй выказвае песімізм: на фоне неабходнасці прыняцця радыкальных рашэнняў беларусам не хопіць, бач ты, пасіянарнасці, і усе працаздольныя з’едуць на заробкі ў Расію з яе нібыта бяздонным працоўным рынкам.

Лішне казаць, каму выгадныя такія развагі і каму патрэбнае замацаванне думкі пра млявасць і кволасць беларусаў. Жыццё, на жаль для іх, расставіць усё па сваіх месцах вельмі імкліва.

Падзеі 1991 года, дваццацігадовай даўніны, дэманструюць, што

а) эканамічныя праблемы здольныя вывесці і беларусаў на плошчу;

б) пад уплывам людзей, што выйшлі на плошчу, беларускія ўлады таксама схілныя да рэзкага паразумнення.

«У красавіку 1991 году некалькі дзесяткаў тысяч рабочых менскіх прадпрыемстваў распачалі страйк і выйшлі на плошчу перад Домам ураду. Першапачатковай прычынай было падвышэньне цэнаў», піша Сяргей Навумчык, былы дэпутат Вярхоўнага савета БССР ад Беларускага народнага фронту, у сваёй кнізе «Сем гадоў Адраджэньня», якая з’яўляецца выдатным помнікам той лёсавызначальнай для Беларусі эпосе.

«Ужо ў першы дзень актывістам БНФ удалося прапанаваць страйкамаўцам палітычныя лёзунгі, у тым ліку і патрабаваньне аб новых выбарах у Вярхоўны Савет», — працягвае ён.

Пад ціскам менавіта эканамічных праблемаў беларусы выйшлі на плошчу дваццаць год таму. Менавіта дзясяткі тысяч людзей на плошчы прымусілі Вярхоўны Савет БССР (у складзе якога тады быў і мала каму вядомы эксцэнтрычны дэпутат Лукашэнка) пад ціскам Беларускга народнага фронта надаць канстытуцыйны статус Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі 1990 г., а таксама прыняць першыя ключавыя законы незалежнай Беларусі.

Прайшло дваццаць гадоў. Развіццё падзеяў у Беларусі ў наступныя месяцы, што ляжаць перад намі, не паддаецца прагназаванню: пераменных зашмат. Ці азначае дэвальвацыя беларускага рубля ўжо на траціну, на якім скарачэнне заробкаў беларусаў ніяк не скончыцца, пачаткам доўгачаканага для многіх з нас канца сямнаццацігадовай нацыянальнай ганьбы? Нікому не вядома.

Зразумела толькі, што беларускі рэжым не выберацца з гэтай пасткі ўласнымі сіламі.

Дапамогу з Захада ён атрымае толькі ўзамен на дэмакратызацыю. Дапамогу з усхода ён атрымае толькі ўзамен на продаж расейцам найбольш каштоўных прадпрыемстваў і аргументаванае перакананне Масквы ў сваёй лаяльнасці.

Не атрымаўшы пры гэтым гарантыі, што за ўсім гэтым адной раніцай не паследуе «Лебядзінае возера» па ўсіх беларускіх тэлеканалах з наступнай прэс-канферэнцыяй нейкага беларускага ГКЧП з лаяльных Маскве беларускіх сілавікоў, якое паведаміць нам пра няздольнасць Аляксандра Лукашэнкі да далейшага кіраўніцтва краінай «па стане здароўя» — што на той момант, мабыць, будзе нават ужо і праўдай.

Абменьваць суверэнітэт на лішнія пару месяцаў ілюзіі ўлады рэжым не будзе.

Дый

прагматычным бізнэсоўцам на чале Расеі той скасаваны беларускі суверэнітэт не так і патрэбен,
зважаючы на тое, што цаной аншлюсу Беларусі будзе ператварэнне самой Расіі ў краіну-ізгоя. Не самага бясспрэчнага міжнароднага аўтарытэту Расіі магло хапіць на прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асетыі — але не хопіць на незаконнае паглынанне еўрапейскай краіны і члена ААН.
Максімум, што патрэбна Расіі — гэта "Беларуськалій", МТС, нафтаперапрацоўка і Мытны звяз. Самы максімум — увядзенне расійскага рубля.
Наўзамен можна нават і дараваць грахі учорашняму «ані брату — ані васалу».

А праз які год усё роўна аднойчы раніцай здзівіць беларускага тэлегледача «Лебядзіным возерам» па ўсіх каналах БТ.

Што можа беларуская дэмакратычная апазіцыя у гэтых умовах? Рыхтавацца працаваць у страйкамах (забытае слоўца?) і рыхтаваць што сказаць некалькім дзясяткам тысяч рабочых на Плошчы Незалежнасці. Будзе цікава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?