На працэсе па справе былых кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса суд вывучае відэаматэрыялы іх сустрэчы з выбаршчыкамі, якая адбылася ў Магілёве 17 снежня.

Дыск з відэазапісам быў канфіскаваны ў Статкевіча дома падчас ператрусу. У матэрыялах следства, якія тычацца гэтага дыска, гаворыцца, што Статкевіч на сустрэчы заяўляў, што людзям трэба паўстаць і забраць уладу, якую «нам далі ў 1990-х». На сустрэчы Статкевіч таксама заявіў, што асабіста будзе кіраваць акцыяй пратэсту на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня.

Падчас вобшуку ў яго былі канфіскаваны дакументы палітычнага характару. У запісах ёсць фраза пра неабходнасць арганізаваць знешні і ўнутраны націск на ўладу. Растлумачваючы ў судзе гэтую фразу паводле просьбы абароны, Статкевіч заявіў, што размова ідзе менавіта пра націск на ўладу, а не пра захоп улады. Ён упэўнены, што любая масавая акцыя — санкцыянаваная або несанкцыянаваная — гэта націск на ўладу.

16 мая ў судзе таксама быў абвешчаны пратакол вобшуку ў ТДА «Трывіум», якое ўзначальвае Дзмітрый Ус. Там былі канфіскаваны матэрыялы, што тычацца ў тым ліку Статкевіча, у прыватнасці пасведчанні членаў яго ініцыятыўнай групы.

У судзе абвешчаны два афіцыйныя папярэджанні Генеральнай пракуратуры Статкевічу аб недапушчальнасці арганізацыі і правядзення несанкцыянаваных акцый 24 лістапада і 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы, а таксама заключэнне экспертызы пра тое, што экс-кандыдат Ус псіхічна здаровы.

Прыблізна паўгадзіны ў суда заняў прагляд відэаматэрыялаў з плошчы Незалежнасці. Матэрыялы адносіліся да момантаў біцця шкла ў дзвярах Дома ўрада і загароджванняў за імі, а таксама разгону акцыі пратэсту і затрымання яе ўдзельнікаў. Відэа глядзелі суд, адвакаты, абвінавачаныя, дзяржабвінаваўца, дыпламаты. У зале відарысу не бачна, бо манітор павернуты ў іншы бок. Што менавіта адбывалася ў канкрэтны момант, можна было здагадвацца толькі па гуку. У пачатку запісу быў чутны шум разбітага шкла, які суправаджаецца крыкамі: «Міліцыя з народам!», «Верым, можам, пераможам!», «Міліцыі свабоду!», «Дзверы ламайце!», «Жыве Беларусь!». У канцы запісу скрозь шум на плошчы Незалежнасці былі чутны крыкі: «Фашысты!», «Уроды!», «Каго вы абараняеце?», «Міліцыя — з народам!», «Супраць сваіх стаіце!», звернутыя, відаць, да тых, хто разганяў акцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?