Папярэднім расследаванне ГУУС Мінгарвыканкама па матэрыялах КДБ распачатыя адразу дзве крымінальныя справы ў дачыненні да адваката Таццяны Агеевай, якую тры месяцы таму Мінюст пазбавіў ліцэнзіі.

Нагадаем, што ў лютым гэтага году Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіяў адразу чатырох адвакатаў, якія мелі дачыненне да абароны абвінавачаных па справе аб масавых беспарадках падчас прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году. У няміласць трапілі Алег Агееў, які бараніў былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксея Міхалевіча, ягоная маці Таццяна Агеева, Уладзімір Тоўсцік і Тамара Гараева — былыя адвакаты Ірыны Халіп.

Паводле Мінюсту, рашэнне было прынятае па выніках праведзенай міністэрствам планавай праверкі дзейнасці адвакатаў Мінскай гарадской калегіі, падчас каторай «былі ўстаноўленыя грубыя і несумяшчальныя са званнем адваката парушэнні заканадаўства». Так, дзеянне ліцэнзіяў Алега Агеева і Таццяны Агеевай было спыненае «за грубыя парушэнні парадку афармлення пагадненняў на аказанне юрыдычнай дапамогі, перашкоды ліцэнзуючым органам у правядзенні мерапрыемстваў па кантролю за выкананнем заканадаўства, якое выявілася ў прадстаўленні недакладных звестак». Уладзімір Тоўсцік і Тамара Гараева пазбаўленыя ліцэнзій «за грубыя парушэнні заканадаўства аб ліцэнзаванні, якія выявіліся ў адмове ад аказання юрыдычнай дапамогі Ірыне Халіп». Пры гэтым, як патлумачыў «Еўрарадыё» бацька Ірыны Халіп, адмовы ў абароне з боку адвакатаў не было.

«Мяне ўвогуле здзівіла гэтая гісторыя. Таму што ўсе дзеянні міністэрства выглядаюць проста абсурднымі. Чаго яны раптам расхвалявалася? Адкуль у іх такія звесткі? Перш за ўсё, напэўна, трэба было распытаць іх кліентаў, як гэта адбывалася. А потым выносіць нейкія рашэнні. Гэта рашэнне абсалютна беспадстаўнае. Тоўсцік ніколі не адмаўляўся весці справу маёй дачкі!» -- заявіў Уладзімір Халіп.

Праз тры месяцы пасля пазбаўлення ліцэнзіі ў дачыненні да адвакатаў пачалі заводзіць крымінальныя справы. Першай падазраванай стала Таццяна Агеева. Ёй інкрымінуецца тыя ж дзеянні, у якіх яе абвінавачваў Мінюст, але ўжо не са спасылкай на матэрыялы планавай праверкі міністэрства, а на нейкія матэрыялы КДБ. Пры гэтым выклікае сама меней здзіўленне тое, што дзейнасць адвакатаў наогул не адносіцца да сферы інтарэсаў органаў дзяржбяспекі. Нават інкрымінаваны ёй артыкул чыста міліцэйскі.

Таццяне Агеевай інкрымінуецца здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.380 (падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў) і ч.2 арт.380 (падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў, здзейсненыя паўторна або групай асобаў па папярэдняй змове) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Нібыта па звестках КДБ, Таццяна Агеева летам 2010 году, з'яўляючыся адвакатам юрыдычнай кансультацыі Заводскага раёну, унесла загадзя ілжывыя звесткі ў пагадненне па крымінальнай справе і асабовы рахунак адваката, падаўшы іх у бухгалтэрыю Прэзідыума Мінскай калегіі адвакатаў у якасці падставы для штомесячнага налічэння заробку. Аналагічныя дзеянні адвакат быццам бы здзейсніла і ў верасні 2010 году.

Пакуль складана сказаць, наколькі абгрунтаваныя прэтэнзіі КДБ. Можна толькі спадзявацца, што ў гэтым разбяруцца следчыя і суд. Але ўжо сёння выклікае здзіўленне як цікавасць КДБ да такіх дробязяў, так і нейкая планавая праверка Міністэрства юстыцыі, пад дахам усё таго ж КДБ.

Звестак аб узбуджэнні крымінальных справаў у дачыненні да іншых адвакатаў пакуль няма. Аднак, як высветліў «Ежедневник», на датычнасць да здзяйснення гэтага злачынства ўжо правяраецца і сын Таццяны Агеевай, які абараняў Алеся Міхалевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?