Журналіст Андрэй Пачобут, якога абвінавачваюць у паклёпе на прэзыдэнта, і ягоны адвакат хадайнічаюць аб спыненьні крымінальнай справы. Ад 6 красавіка Пачобут знаходзіцца за кратамі. Адвакат журналіста Андрэя Пачобута Аляксандар Бірылаў паведаміў: «Мы азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы і падалі хадайніцтва аб яе спыненьні ў зьвязку з тым, што няма падставаў для прыцягненьня яго да крымінальнай адказнасьці, так можна сфармуляваць. І ў дадзены момант павінна ўжо вырашацца пытаньне аб перадачы справы ў суд».

Адвакат удакладніў, што яны з Пачобутам падалі на імя сьледчага Арсеня Нікольскага кожны сваё хадайніцтва.

Журналісту прад’яўлена абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: 368 (частка І) — "абраза" і 367 (частка І) — «паклёп» у адносінах да прэзыдэнта. Па першым зь іх прадугледжана пакараньне да двух гадоў зьняволеньня, па другім — ад двух да чатырох гадоў. Пачобута ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары Гарадзенскай турмы.

Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай «Газэты выборчай». У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста, большая частка якіх узятая з «Газэты выборчай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?