На прэс-канферэнцыі ў Маскве 20 мая Карэл Шварцэнберг пацвердзіў, што ў дачыненні да Беларусі з боку ЕС будуць уведзеныя санкцыі.

- Гэта рашэнне ўжо прынята, і яно сур'ёзнае, - сказаў кіраўнік МЗС Чэхіі, паведамляе interfax.by.

У той жа час ён заявіў, што з'яўляецца праціўнікам эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі.

- Я залічваю сябе да прыхільнікаў пункту гледжання, які заключаецца ў тым, што эканамічныя санкцыі могуць нанесці шкоду шараговым грамадзянам Беларусі, - сказаў Шварцэнберг. - Я лічу, што санкцыі павінны закранаць толькі прадстаўнікоў рэжыму. Яны павінны быць строгімі і павінны закранаць у цэлым ўсю ўладу. У прыватнасці, міліцыянтаў, якія б'юць людзей, суддзяў, якія іх судзяць, і тых, хто парушае правы на ўсіх узроўнях.

Але, па словах Карэла Шварцэнберга, «ёсць прадстаўнікі некаторых краін, якія лічаць,

што трэба ўводзіць гэтыя санкцыі так, каб яны былі эканамічнымі і тычыліся большай колькасці сфер грамадства».

Раней паведамлялася, што ЕС можа ўвесці эканамічныя санкцыі ў дачыненні «Белнафтахіма», «Трайпла», «Белтэхэкспарту» і «Беларуськалія». Адзначалася, што новыя санкцыі "павінны ўдарыць па дзяржаўным бюджэце прэзідэнта Лукашэнкі, не прынёсшы крызісу ў далікатную эканоміку краіны». Планавалася, што спіс прадпрыемстваў можа быць гатовы ўжо да наступнага пасяджэння Рады міністраў ЕС па замежных справах, якое пройдзе ў Брусэлі 23 мая.

Нагадаем, 31 студзеня 2011 г Еўрасаюз увёў візавыя санкцыі ў дачыненні да 157 службовых асоб Беларусі. 21 сакавіка Савет міністраў замежных спраў краін ЕС пашырыў спіс яшчэ на 19 чалавек.

ЗША ўжо ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні канцэрна «Белнафтахім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?