«Наша Ніва» пачатку ХХ стагоддзя выкарыстоўвала кожны кручок у законе, абы толькі працягваць выхад. Піша гісторык Алег Дзярновіч.

 Аляксандр Уласаў — легендарны рэдактар «Нашай Нівы».

Аляксандр Уласаў — легендарны рэдактар «Нашай Нівы».

Першая «Наша Ніва» выдавалася амаль дзевяць гадоў — ад лістапада 1906 г. да жніўня 1915 г. Гэта было даволі арыгінальнае па задуме ўніверсальнае выданне, якое спалучала функцыі газеты і штотыднёвага часопіса.

Існаванне легальнай беларускай прэсы ў бюракратычнай Расійскай імперыі, дзе ўсе сферы жыцця падлягалі строгай рэгламентацыі, стала магчымым толькі пасля царскага маніфеста ад 17 кастрычніка 1905 г. Гэты знакаміты дакумент пад назвай «Аб удасканаленні дзяржаўнага ладу» быў распрацаваны прэм’ерам перыяду Першай расійскай рэвалюцыі Сяргеем Вітэ — балтыйскім немцам з паходжання і рэфарматарам на расійскай службе.

Маніфест пераразмяркоўваў заканадаўчаю ўладу ў Расіі паміж царом і Дзяржаўнай Думай, а падданым імперыі і гарантаваў свабоды сумлення, слова, сходаў. Але абвяшчэнне ў Расіі больш ліберальнага заканадаўства зусім не гарантавала беларускім актывістам і культурнікам камфортных умоваў для іх дзейнасці.

«Наша Доля» — спроба

«Нашай Ніве» ў 1906 г. папярэднічала газета «Наша Доля»,
першы нумар якой выйшаў 1 верасня накладам дзесяць тысяч асобнікаў, з якіх за адзін дзень у Вільні разышлося больш за тры тысячы. Такі фенаменальны поспех, а таксама досыць радыкальная палітычная праграма рэдакцыі насцярожылі ўлады. Пасля выхаду першага нумара «Нашай Долі» паліцыя абвінаваціла рэдактара паводле артыкула 129 Крымінальнага Улажэння, які пагражаў самым суровым пакараннем у выдавецкай сферы. Віленская судовая палата не зацвердзіла гэтай пастановы, адмовіла ў закрыцці газеты і адмяніла накладзены на наклад арышт. Але ў выніку чатыры нумары газеты з шасці выдадзеных былі канфіскаваныя.

Урэшце,

11 студзеня 1907 г., паводле судовага выраку, газету закрылі, а рэдактара асудзілі да года турэмнага зняволення ў крэпасці, «з забаронай прымаць на сябе званне рэдактара ці выдаўца якога¬небудзь перыядычнага выдання на працягу трох гадоў».

Рэдактар Іван Тукеркес спрабаваў бараніцца, падаў касацыйную скаргу ў Сенат, а яго маці ўнесла заклад у суме 100 руб. Праз два месяцы, 23 сакавіка, гэтая скарга была адхіленая Крымінальным касацыйным дэпартаментам Сената. І тады, каб не трапіць у вязніцу, Тукеркес уцёк у Парыж. Грашовы заклад жа пайшоў «на ўладкаванне месцаў зняволення». З нешматлікіх пазнейшых звестак захаваліся толькі сведчанні пра тое, што ў 1936 г. Іван Тукеркес звяртаўся ў Віленскі архіў з просьбай выслаць яму копіі судовай справы і прысуду. Далейшы лёс Тукеркеса, якога Антон Луцкевіч называў «пражыгацелем жыцця», нам невядомы. Як і недастаткова прапісана імя гэтага чалавека ў гісторыі беларускай культуры і журналістыкі.

«Наша Ніва»: канфіскацыі 1907 г.

«Наша Ніва» ад пачатку пазіцыянавала сябе як памяркоўнейшае за «Нашу Долю» выданне, што адзначалі таксама расійскія ўлады. Тым не менш, пільная ўвага цэнзуры да зместу газеты захоўвалася ўвесь час.
Ад лютага 1907 г. «Нашай Нівай» «займаўся» віленскі інспектар па справах друку А. Кемерлінг.
Ён і наклаў арышт на № 8 газеты за публікацыю ў ім двух матэрыялаў: «Зямельная справа ў Новай Зеландыі» і фельетона «Дума і народ». У гэтых тэкстах газета звярталася да набалелага зямельнага пытання і прапаноўвала ўтварыць рэгіянальны прадстаўнічы орган — Сойм. Падобныя ініцыятывы выходзілі за рамкі афіцыйнага расійскага лібералізму.

Але ўжо праз тыдзень, 1 сакавіка 1907 г., той самы Кемерлінг наклаў арышт на № 9 «Нашай Нівы» за публікацыю рэдакцыйнага артыкула «Вільня 2 (15) марца». Гэта быў агляд парламенцкага карэспандэнта «Работа Думы». Трэба заўважыць, што журналісты з сімпатыяй ставіліся да дзейнасці гэтага прадстаўнічага органа і крытыкавалі абмежаванні, якія ўрад і чыноўнікі накладалі на дэпутатаў.

«Нягледзячы на ўвесь гэты ганебны надзор, на ўсе крыўды і абіды, Дума цвёрда і мудра вядзе сваё дзела, каб даць змучанаму народу новыя законы, свабодныя парадкі, спакой. Няхай жа народ падтрымае Думу, няхай праз сваіх хадакоў і наказы паможа ёй у рабоце і пастаіць за яе», — пісала «НН».

Самой жа «Нашай Ніве» спакой не абяцаўся. Бо № 12 ад 23 сакавіка 1907 г. таксама быў арыштаваны.

Рэдакцыі даводзілася працаваць ва ўмовах, калі на некалькі нумароў запар накладаўся арышт. А паралельна з гэтым адбываліся начныя ператрусы ў рэдакцыі, налёты палітычнай паліцыі на друкарню ды канфіскацыі рэдакцыйнай маёмасці.

11 лістапада 1907 г. на два тыдні была зачынена друкарня Марціна Кухты, дзе выходзіла абсалютная большасць тагачасных беларускіх выданняў, у тым ліку і «Наша Ніва».

Увесь гэты час на «Нашу Ніву» нападала прэса «заходнерускай» арыентацыі — беларускую газету абвінавачвалі ў сепаратызме. Выданне «Окраины России» 19 cакавіка 1907 г. змясціла спецыяльны арытыкул «Новы від сепаратызму — беларусафільства». У такой сітуацыі прэсінгу «Наша Ніва» расцэньвала такія артыкулы як публічныя даносы з заклікам да царскай адміністрацыі прыдушыць беларускі нацыянальны рух і прэсу.

Няпростая доля Уласава

Натуральна, разам з самой газетай пад рэпрэсіі падпадаў і яе рэдактар. У 1908 г. Аляксандр Уласаў быў пакараны гіганцкім па тых часах штрафам 50 рублёў і арыштам на сем сутак па справе чарнасоценнага дэпутата Гатавецкага. Дэпутат падаў у суд на газету, абвінавачваючы яе ў паклёпе.
А 22 студзеня 1910 г. адбылося пасяджэнне Віленскай судовай палаты па крымінальнай справе яшчэ 1907 г. — канфіскацыі «НН» № 8. У судзе Уласава абараняў вядомы віленскі адвакат Тадэвуш Урублеўскі (1858—1925). Сама газета так інфармавала сваіх чытачоў пра рэпрэсіі: «Гэтая кара як бы ганорная і ніякіх правоў не адыме, так што «Наша Ніва» будзе выходзіць без перастанку і без перамены. Калі ж Рэдактар выйдзе з фортэцыі, то ён ізноў будзе кіраваць газетай». Да таго, зазначала газета, «у крэпасці можна працаваць без перашкодаў». Тут гаворка вялася пра ўмовы ўтрымання ў расійскіх вязніцах пачатку ХХ ст., дзе можна было працаваць з кнігамі і паперамі. У 1910 г. Уласаў атрымаў два месяцы зняволення.

Але справа канфіскацый 1907 г. зноў усплыла ў 1912 г. У студзені «Нашай Нівай» зацікавіўся Дэпартамент духоўных спраў пры МУС Расійскай імперыі. Ён у лісце ў Галоўную ўправу па справах друку пры МУС абвінаваціў беларускую газету ў імкненні «зліцця беларусаў з палякамі». Як аргумент называлася... выкарыстанне рэдакцыяй лацінскага шрыфту. Начальнік Галоўнай управы пакінуў сваю рэзалюцыю на гэтым дакуменце: «Неабходна адхіліць ад рэдактарства». Адначасова «Окраины России» разгарнулі новую атаку на «Нашу Ніву». Мэта была відавочнай — пазбавіць Аляксандра Уласава права быць рэдактарам-выдаўцом беларускай газеты.

Але сам Рэдактар заняў актыўную прававую пазіцыю. У сваіх лістах у афіцыйныя расійскія інстанцыі ён адстойваў сваё грамадзянскае права займацца журналістыкай. І яму сапраўды ўдалося намацаць слабае месца арганізаванай рэпрэсіўнай кампаніі. Рэч у тым, што ў 1912 г. Уласава спрабавалі прыцягнуць да суда і пазбавіць права быць рэдактарам па справе 1907 г., але ж у 1910 г. ужо адбыўся працэс па тых канфіскацыях.

Таму справа 1912 г. выглядала як новае, яшчэ адно пакаранне за старыя ўчынкі, што супярэчыла расійскаму заканадаўству. У выніку

Уласаву ўдалося адстаяць сваё рэдактарства, а значыць і газету. Але ж з Галоўнай управы па справах друку ў Віленскі часовы камітэт па справах друку быў скіраваны сакрэтны дакумент, які патрабаваў пільнага нагляду за газетай «Наша Ніва», а таксама за іншымі выданнямі Уласава.
У далейшым некаторыя нумары газеты зноў падпадалі пад канфіскацыі і затрымлівалася на чыгунцы. У 1915 г. рыхтаваўся новы працэс супраць газеты і яе рэдактара, гэтым разам ужо Янкі Купалы... Але ваенныя падзеі і спыненне выхаду зрабілі гэтыя намаганні неактуальнымі.

Першая «Наша Ніва» на працягу ўсяго свайго існавання змагалася з фінансавымі праблемамі і мусіла адбівацца ад нападак цэнзуры і самадзяржаўнай прэсы. Але

рэдакцыя газеты імкнулася максімальна выкарыстаць наяўнае прававое поле.
Часам у справах «Нашай Нівы» суд не быў на баку расійскай паліцыі і органаў унутраных спраў. Рэдакцыя псіхалагічна і арганізацыйна была здольная вытрымаць удары цэнзурных органаў, што сталася вельмі важным для развіцця палітычных свабод у краі, найперш — свабоды слова.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?