Урад і Нацбанк Беларусі ў панядзелак-аўторак прымуць рашэнні для стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку. Пра гэта вечарам 20 мая заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

На сустрэчы з журналістамі, фрагменты якой былі паказаныя беларускімі тэлеканаламі, кіраўнік урада нагадаў, што Беларусь на працягу трох гадоў чакае крэдытную падтрымку з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у памеры 3 млрд. долараў.

«Плануецца, што ў канцы мая — пачатку чэрвеня будуць прынятыя адпаведныя рашэнні, на падставе якіх будуць прынятыя адпаведныя знешнія запазычанні. Мы ўчора са старшынёй урада Расійскай Федэрацыі яшчэ абмяркоўвалі гэта пытанне», — сказаў Мясніковіч.

«Першы транш крэдыту ацэньваецца дзесьці ў 800 млн. долараў, дзесьці ў пачатку восені будзе другі транш, крыху больш за 400 млн. долараў у разліку на тое, што, у прынцыпе, на тры гады — 3 млрд. долараў», — паведаміў Мясніковіч.

«Але я хачу, каб усе разумелі — гэта не тыя сродкі, якія могуць стабілізаваць стан спраў на валютным рынку.
Для гэтага неабходныя сур’ёзныя ўласныя рашэнні, якія мы будзем прымаць разам з Нацбанкам літаральна ў панядзелак-аўторак», — сказаў прэм’ер-міністр.

Ён дапоўніў, што гэтыя рашэнні «вызначаць свайго роду „дарожную карту“, каб падысці даволі падрыхтаванымі і выканаць неабходныя працэдуры, у першую чаргу гэта тычыцца скарачэння грашовай прапановы».

Як растлумачыў прэм’ер-міністр, выхад на ўніфікаваны курс нацыянальнай валюты будзе адбывацца ў два этапы. «На першым этапе будуць прынятыя рашэнні, каб збіць павышаны попыт, а пасля атрымання стабілізацыйнага крэдыту курс будзе фарміравацца на падставе попыту і прапановы, што знізіць тыя чаканні, якія сёння пакуль яшчэ прысутнічаюць», — сказаў прэм’ер-міністр.

Паколькі, паводле меркавання прэм’ер-міністра, эканоміка працуе стабільна,

то ён не выключае, што «можа быць нават рэвальвацыя абменнага курсу беларускага рубля».

«Я ўпэўнены, што для прадухілення спекулятыўных нападаў на рубель будзе створана падушка бяспекі, у тым ліку пазыковымі сродкамі», — сказаў кіраўнік беларускага ўрада.

***

Нагадаем, 16 красавіка Аляксандр Лукашэнка абяцаў «выраўнаваць» сітуацыю на валютным рынку на працягу некалькіх дзён. «Сёння-заўтра-паслязаўтра мы выраўнуем сітуацыю па валюце. Але вы на мяне не крыўдзіцеся. Курс — гэта справа некалькіх дзён, трэба, можа быць, тыдзень», — сцвярджаў ён, адказваючы на пытанні журналістаў падчас рэспубліканскага суботніка.

12 мая падчас наведвання ААТ «Александрыйскае» ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што праз адзін-два месяцы Беларусь урэгулюе сітуацыю на валютным рынку. «Так, цяжкавата сёння. Вырулім. Праз адзін-два месяцы мы спакойна забудзем пра ўсякую валютную бязладзіцу», — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Далей Беларусь пойдзе сваім шляхам. Апошнім часам нам усё часцей падкідаюць ідэі ў сувязі з гэтай фінансавай бязладзіцай: маўляў, патрэбныя рэформы. Нас тонка, акуратна, з падачы, вядома, адтуль падштурхоўваюць да нейкіх рэформ і крычаць, асабліва гэтыя, з пятай калоны, што патрэбны неадкладныя рэформы і рэформы. А што за рэформа патрэбна? Якую яны нам прапаноўваюць рэформу? Яны нам прапаноўваюць рэформу на разбурэнне».

«Нам рэформа патрэбная вось такая: калі гаспадаркі працуюць, атрымліваюць прадукцыю, у любой кропцы планеты попыт на яе ёсць, тады тое, што трэба дзяржаве, — прадаў, а на астатняе — купляй па імпарце, што жадаеш. І няма праблем з валютай. Вось такая патрэбна рэформа», — заявіў Лукашэнка. «Гэта будзе цяжка, гэта будзе доўгі шлях, але гэта — наш шлях, іншага няма шляху», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?