Маніторынг гомельскіх магазінаў 20 мая паказаў адсутнасць у буйных гандлёвых пунктах солі і дэфіцыт мяса — свежамарожанага і астуджанага, курынага і свінога. Напрыклад, у адным з прадуктовых магазінаў на вуліцы Перамогі ў продажы са свежамарожанага мяса быў толькі «корм для жывёлы ялавічны».

У гіпермаркетах «Алмі» і «Лінія» па стане на 19.00–19.40 была толькі марская соль, з Партугаліі, па кошце 4.150 рублёў за 250 г. Са свежамарожанага мяса ў адным з буйных магазінаў была толькі свіная скурка па цане 1.640 рублёў за кілаграм.

Амаль удвая падаражэлі мыйныя сродкі. Хоць і канец працоўнага дня, але пакупнікоў у гэтых магазінах значна менш, чым у звычайныя дні, і да кас яны падыходзяць з паўпарожнімі цялежкамі. Грамадзяне бяруць галоўным чынам толькі прадукты першай неабходнасці — хлеб, яйкі, малако, сасіскі. У віна-гарэлачных аддзелах пакупнікоў практычна няма, ажыўленне ў аддзеле круп і каля паліц з чаем і кавай.

На рынку «Цэнтральны» цэны на некаторыя віды тавараў значна вышэйшыя, чым у магазінах. Напрыклад, упакоўка кавы Lavazza на рынку каштуе 46 тыс. рублёў, у гіпермаркеце «Лінія» — 33 тыс. рублёў. Розніца ў цане на чай буйналіставы на рынку і ў гіпермаркеце складае ад 1 да 5 тысяч рублёў.

У банкаматах з’явіліся наяўныя грошы і зніклі чэргі. 19 мая беларускія наяўныя грошы карысталіся сярод гамяльчан асаблівым попытам з-за чутак пра тое, што з 20 мая банкаматы будуць выдаваць толькі па 60 тысяч рублёў.

Са спісу месцаў удалых закупаў гамельчукоў знік украінскі Чарнігаў — з-за адсутнасці валюты і высокага курсу грыўны да рубля ездзіць туды стала нявыгадна. 18 мая ўкраінскія валютчыкі прымалі беларускія рублі па курсе 1 тысяча за 1 грыўну. Афіцыйны курс Нацбанка Беларусь быў устаноўлены на ўзроўні 391 рубель за грыўну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?