У Мінску ёсць дзівоснае месца — апошні астравок стабільнасці і дабрабыту, які не крануў валютны крызіс.
Пра гэтае месца ходзяць легенды, а пасвячоныя распавядаюць аб ім толькі вельмі блізкім сваякам і надзейным сябрам. Даведацца пра яго выпадкова можна толькі за вялікія грошы ці калі вас запрасілі на фуршэт. Гэта месца называецца пяцізоркавы гатэль «Еўропа» на скрыжаванні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай ў Мінску.
У холе гатэля, як і належыць, ёсць абменны пункт «Беларусбанка «, куды без лішняй мітусні здаюць СКВ замежныя багацеі — пастаяльцы гатэля, а купіць валюту можа любы ахвотны. Адзінай праблемай можа стаць швейцар на ўваходзе.