«Нягледзячы на цяжкія часы, праваабаронцы будуць працаваць у любых умовах», — заявіў лідар праваабаронцаў «Вясны» Алесь Бяляцкі.

 Перад журналістамі выступае кіраўнік цэнтра Алесь Бяляцкі.

Перад журналістамі выступае кіраўнік цэнтра Алесь Бяляцкі.

 Намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч.

Намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч.

— Свята ў нас не асабліва радаснае. І беларускае грамадства, і наша арганізацыя перажываюць драматычныя часы, — адзначыў на сустрэчы з журналістамі Алесь Бяляцкі. — У той час, калі праходзяць суды над удзельнікамі мітынгу 19 снежня 2010 г., святкаваць не час.

Праваабаронца адзначыў, што ні разу апазіцыя і грамадства не адчувалі такога прэсінгу з боку ўладаў, як за пяць месяцаў, што прайшлі пасля выбараў.

— Аднак, не будзем забываць, што «Вясна» з’явілася ў не менш драматычны для Беларусі перыяд. Вясна 1996 года была вельмі цяжкай. Менавіта яна абазначыла адкрытае супрацьстаянне грамадзян і выканаўчай улады. Першая крымінальная справа супраць актывістаў апазіцыі была распачатая менавіта супраць удзельнікаў акцыі 14 сакавіка, прысвечанай Дню Канстытуцыі. Тады пачаліся першыя затрыманні, — успомніў Алесь Бяляцкі год стварэння арганізацыі. — 26 красавіка 1996 года ўлада ўпершыню паспрабавала разагнаць масавую акцыю — «Чарнобыльскі шлях». Арышт больш як двухсот удзельнікаў шэсця быў шокам для ўсіх.

— Нягледзячы на цяжкія часы, праваабаронцы будуць працаваць у любых умовах. За 15 гадоў працы мы аказалі дапамогу дзясяткам тысяч чалавек, — адзначыў Алесь Бяляцкі. — Праваабаронцы і журналісты знаходзяцца на першай лініі супраціву антыдэмакратычным рэжымам, якія цынічна парушаюць правы чалавека. У дзяржаве адбываецца поўнамаштабны крызіс, але, як паказвае практыка, менавіта ў крызісныя моманты вырашаўся лёс краіны.

Напярэдадні 15-годдзя «Вясны» праваабаронцы падрыхтавалі экспертную ацэнку крымінальных працэсаў над удзельнікамі акцыі прастэсту 19 снежня.

— Падзеі 19 снежня насілі характар мірнай акцыі пратэсту. Яе ўдзельнікі мелі мірныя мэты, кандыдаты ў прэзідэнты падчас сваіх публічных выступленняў заклікалі людзей на мірную акцыю. Так, некаторыя дэманстранты здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні, але ацэньваць іх як масавыя беспарадкі нельга. Следства праходзіла з найгрубейшымі парушэннямі. Не было рэалізавана права на абарону, прэзумпцыя невінаватасці. Да падазраваных ужываліся катаванні, — адзначыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Усіх асуджаных па гэтых справах мы лічым палітычнымі вязнямі.

Да 15-годдзя «Вясны» падрыхтаваны агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2010 годзе.

— Наколькі эфектыўна нам удаецца наша дзейнасць судзіць цяжка, але, мяркуючы па рэакцыі на нас афіцыйных СМІ і дзяржаўнай прапаганды, мы бачым, што нашы дзеянні ўладу закранаюць, і яна вымушана на нас рэагаваць, — рэзюмаваў Алесь Бяляцкі.

Даведка

У 1998 годзе праваабарончы цэнтр «Вясна» быў зарэгістраваны як Мінская гарадская арганізацыя, а ўжо ў 1999-м — як рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне. У кастрычніку 2003 года цэнтр быў ліквідаваны рашэннем Вярхоўнага суда. Прычынай стаў удзел членаў арганізацыі ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. 6 сакавіка 2004 г. ліквідаваны цэнтр «Вясна» быў прыняты ў Міжнародную федэрацыю правоў чалавека. Камітэт па правах чалавека ААН 24 чэрвеня 2007 года прызнаў, што, ліквідаваўшы «Вясну», беларускія ўлады парушылі пункт 1 артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Афіцыйны Мінск гэтае рашэнне ААН праігнараваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?