23 мая, у панядзелак, Рада міністраў замежных спраў ЕС разгледзіць дадатковыя санкцыі супраць лукашэнкаўцаў.

Еўрапейцы стаяць перад складаным выбарам. З аднаго боку, на рэжым Лукашэнкі ўздзейнічаюць толькі эканамічныя аргументы, словам ён увагі не надае. Прысуд Саннікаву Еўропа не можа пакінуць проста так.

З другога боку,

увядзенне эканамічных санкцый здольнае замарозіць адносіны Беларусі з ЕС на ўсіх узроўнях на доўгія гады. Лукашэнка ў адказ адсячэ апошнія нітачкі еўрапейскіх уплываў. Але можа стацца і як у выпадку з Мілошавічам, калі санкцыі прывялі да хуткага падзення аўтарытарнага рэжыму.

У выпадку ўвядзення Еўропай эканамічных санкцый ад лукашэнкаўцаў можна чакаць непрапарцыйнага адказу: яны ніяк не могуць дапячы ўласна еўрапейскім краінам, але затое будуць адыгрывацца на беларускім незалежным грамадстве, якое найвышэйшы кіраўнік не раз абвяшчаў «пятай калонай», лічачы, што праеўрапейскія сімпатыі здольны падарваць манаполію на ўладу, што ўстанавілася ў Беларусі.

І ўсё ж

за «казла», а тым больш за Саннікава нехта мусіць адказаць. Гэтым кімсьці могуць стаць набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы.
Раней Еўропа не давала волі пачуццям, каб не штурхаць гэтых людзей — Чыжа, Пефціева і да іх падобных — у абдымкі Расіі. Сёння пабачым, ці вычарпалася раней неабсяжнае цярпенне Еўропы.
Лукашэнка праводзіць паслядоўна варожую палітыку ў дачыненні да Еўрасаюза.
Летась, напрыклад, на вучэннях у Беларусі адпрацоўваліся сцэнары ўварвання ў краіны ЕС для дапамогі калінінградскаму анклаву.
Беларускі рэжым разглядае ЕС не толькі як вымушанага эканамічнага партнёра, але і як патэнцыйнага праціўніка. Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, якая мае такі падыход. Беларусь таксама адзіная з еўрапейскіх краін, што не ўвайшла ў Раду Еўропы
— арганізацыю, якая апякуецца еўрапейскімі каштоўнасцямі.

Нават на асабістым узроўні Беларусь вядзе зацятую прапагандысцкую вайну.

За выказванні кшталту тых, якія прагучалі на адрас Барозу («казёл») у мінулых стагоддзях і вайну абвяшчалі.

Цяпер, на шчасце, гарачых войнаў не будзе. Але халодная ўжо ідзе.

23 мая Рада міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза разгледзіць пытанне аб увядзенні дадатковых санкцый у дачыненні да лукашэнкаўцаў. Як паведамляе прэс-служба ЕС, гэта пытанне ўключана ў парадак дня пасяджэння ў Бруселі.

Пра якія менавіта санкцыі можа ісці гаворка, у паведамленні не ўдакладняецца. Чакаецца, што

вынікі пасяджэння стануць вядомыя на прэс-канферэнцыі, якая пройдзе ў другой палове дня.

Нагадаем, 11 мая найвышэйшая прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан заявіла, што адзіным магчымым адказам Еўрасаюза на дзеянні Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца ўвядзенне жорсткіх санкцый у дачыненні да яго і прадстаўнікоў яго рэжыму.

16 мая бельгійскае выданне EUobserver са спасылкай на свае крыніцы ў Бруселі паведаміла, што ЕС вывучае магчымыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Адзначалася, у прыватнасці, што

кіраўнікі пасольстваў краін ЕС у Мінску накіравалі ў Брусель папярэдні спіс асоб і прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх разглядаецца магчымасць увядзення новых абмежавальных мер. Сярод іх — дзяржканцэрн «Белнафтахім», група кампаній «Трайпл», кампанія «Белтэхэкспарт» і ААТ «Беларуськалій».
Новыя санкцыі, падкрэсліваў EUobserver, закліканы «ўдарыць па дзяржаўным бюджэце прэзідэнта Лукашэнка, не прыносячы крызісу ў кволую эканоміку краіны».
Асабліва балючымі былі б санкцыі супраць «Беларуськалія». Гэта адна з асноўных крыніц валюты ў краіне, але ж уся яго прадукцыя цяпер экспартуецца праз Літву.

20 мая агенцтва AFP са спасылкай на дыпламатычную крыніцу ў Бруселі паведаміла, што 27 дзяржаў Еўрасаюза дамовіліся аб унясенні ў спіс беларускіх афіцыйных асоб, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі, 13 новых імёнаў. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра суддзяў і пракурораў, якія былі задзейнічаны ў працэсах над удзельнікамі акцыі апазіцыі 19 снежня 2010 года.

Візавыя санкцыі ў дачыненні да 157 службовых асоб Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, былі ўведзены ЕС 31 студзеня 2011 года.

21 сакавіка Еўрасаюз пашырыў спіс «у сувязі з пагаршэннем у Беларусі сітуацыі з правамі чалавека», папоўніўшы яго прозвішчамі яшчэ 19 чалавек.

22 сакавіка прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што Беларусь у якасці меры ў адказ падрыхтавала спіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны, аднак апублікаваны ён не будзе. У яго «ўключаны асобы, якія прадпрымаюць дэструктыўныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі і наносяць шкоду міжнароднаму супрацоўніцтву», сказаў прэс-сакратар.

12 мая агенцтва Інтэрфакс-Захад са спасылкай на крыніцу ў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі паведаміла, што ў выпадку ўвядзення Еўрасаюзам у дачыненні да Беларусі эканамічных санкцый беларускія ўлады ў адказ могуць прапанаваць паслам шэрагу дзяржаў ЕС пакінуць межы краіны, а таксама забараніць выезд за мяжу 200 прадстаўнікам апазіцыі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?