Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Дзмітрый Рабаў 23 мая на відэабрыфінгу ў Мінску.

Паводле яго слоў, 24 мая ў Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў. Толькі ноччу месцамі па Гомельскай і Магілёўскай абласцях пройдуць кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Тэмпература паветра днём складзе плюс 19–25 градусаў.

25 мая на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы і месцамі прагрымяць навальніцы, чакаецца паўднёвы вецер з пераходам на паўночна-заходні, днём — парывы да 15–18 м/с. Тэмпература паветра панізіцца. Ноччу яшчэ чакаецца плюс 7–13 градусаў, а днём — 15–21 градус, па паўднёвым усходзе Брэсцкай вобласці паветра прагрэецца да 23 градусаў.

Як паведаміў Рабаў,

26 мая чакаецца самая халодная на гэтым тыдні ноч.

Тэмпература паветра складзе плюс 2–8 градусаў, у нізкіх месцах і на асушаных тарфяніках прагназуюцца замаразкі ад 0 да мінус 2 градусаў. У сярэдзіне дня паветра прагрэецца ад плюс 17 градусаў па паўночным усходзе да 24 градусаў па паўднёвым захадзе краіны. Чакаецца інтэнсіўны рост атмасфернага ціску, які ўзмоцніць уплыў халаднаватага скандынаўскага антыцыклону.

27 мая за кошт гэтага ж антыцыклону захаваецца сухое надвор’е, вецер чакаецца няўстойлівы і тэмпература паветра ноччу плюс 3–10 градусаў, днём 20–25 градусаў, па паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці 26–28 градусаў.

Як паведаміў сіноптык,

у выхадныя пацяплее: у атмасферы чакаецца перабудова,
больш цёплыя і вільготныя паветраныя масы пачнуць паступаць з паўднёва-заходняй Еўропы. Месцамі пройдуць кароткачасовыя летнія дажджы з навальніцамі, і тэмпература паветра ноччу складзе плюс 9–16 градусаў, днём — 23–28 градусаў. Такі тэмпературны рэжым на 2–4 градусы цяплейшы, чым звычайна ў маі, адзначыў Рабаў.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшыя суткі ў Мінску чакаецца пераменная воблачнасць без ападкаў, вецер заходні 4–9 м/с, тэмпература паветра ноччу прагназуецца плюс 7–9 градусаў і днём — 21–23 градусы.

Сіноптык адзначыў, што найбліжэйшым часам стануць частымі навальніцы і моцныя ліўні. Рабаў нагадаў, што пры навальніцы нельга хавацца пад адзінокімі дрэвамі і знаходзіцца паблізу вадаёмаў. У горадзе навальніцу лепш перачакаць у памяшканні, у сельскай мясцовасці — у яры. Тым, каго навальніца застала ў дарозе, рэкамендуецца спыніць аўтамабіль і заставацца ў ім з зачыненымі вокнамі і дзвярыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?