Пад сьвіст і крыкі нацыяналістаў з партыі «Вялікая Румынія» і воплескі прысутных у залі парлямэнту дэпутатаў і гасьцей прэзыдэнт Румыніі Траян Басэску асудзіў камунізм і, як кіраўнік дзяржавы, папрасіў прабачэньня ва ўсіх, хто пацярпеў ў часы камуністычнай дыктатуры. Што азначае гэтая падзея – чыста сымбалічны жэст ці рэальны працэс дэкамунізацыі?

(Басэску:) «Мы можам сказаць, што камуністычны рэжым у Румыніі з 45‑га па 89‑ы год быў незаконны і злачынны... Для грамадзянаў Румыніі камунізм быў рэжымам, навязаным ім палітычнай групай, якая прэтэндавала на ўсю праўду. Гэта быў таталітарны рэжым, які нарадзіўся ў выніку гвалту і гвалтоўна сканаў. Гэта быў рэпрэсіўны рэжым, які адняў ў румынскага народу пяць дзесяцігодзьдзяў найноўшай гісторыі, які зламаў права і прымусіў грамадзян жыць ў хлусьні і страху,» – заявіў прэзыдэнт у Парлямэнцкім Палацы ў Бухарэсьце ў часе сэсіі абедзьвюх палатаў парлямэнту.

«Ад імя румынскай дзяржавы прашу прабачэньня ва ўсіх, хто пацярпеў у часы камунізму. Прызнаю гэтую сыстэму злачыннай і пазбаўленай легітымнасьці. Камунізм – гэта адкрытая рана ў гісторыі Румыніі, якую трэба раз і назаўсёды закрыць» – дадаў прэзыдэнт.

Басэску прадставіў падрабязную справаздачу адмысловай прэзыдэнцкай камісіі. Цягам 9 месяцаў 19 экспэртаў на чале з прафэсарам Владзімірам Тысманэану, карыстаючыся архівамі тайнай паліцыі «Сэкурытатэ», падрыхтавалі дакумэнт на 650 старонках пра злачынствы камунізму цягам 50 гадоў.

Паводле Тысманэану, у часы камуністычнай дыктатуры каля 2 мільёнаў чалавек, амаль 10% усяго насельніцтва, былі забітыя, зьняволеныя, катаваныя альбо адбылі розныя тэрміны ў лягерох прымусовай працы. У справаздачы аказаліся прозьвішчы 55 самых адыёзных палітыкаў, партыйных ідэолягаў, функцыянэраў «Сэкурытатэ», якія найболей адказныя за злачынны характар рэжыму, а таксама прозьвішчы вядомых людзей, якія супрацоўнічалі з рэжымам і падтрымлівалі яго.

Выступленьне прэзыдэнта спрабавалі сарваць нацыяналісты на чале з Карнэлью Вадзімам Тудорам, у свой час прыдворным паэтам камуністычнага дыктатара Нікаляэ Чаўшэску. Таксама сацыялісты, у тым ліку былы прэзыдэнт, а цяпер сэнатар Ён Іліеску абвінаваціў кіраўніка дзяржавы ў «макартызьме» і «паляваньні на ведзьмаў».

Затое зь вялікай увагай выслухалі выступленьне Басэску запрошаныя ў якасьці гасьцей былы кароль Румыніі Міхал і былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса. «Трэба зьвесьці рахункі з камунізмам і пакараць адказных за забойствы, бо камуністы зноў падымаюць галовы,» – заклікаў Лех Валэнса.

Аднак прызнаньне камуністычнага рэжыму «злачынным» ня цягне за сабою ніякіх практычных наступстваў. Гэта будзе залежаць ад далейшых крокаў румынскага парлямэнту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?