Падатковая інспекцыя Маскоўскага раёна 24 мая паспрабавала апісаць маёмасць рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінскі камітэт». Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла.

Канфлікт паміж падатковай інспекцыяй і праваабарончай арганізацыяй цягнецца ўжо больш як пяць гадоў. Падатковая інспекцыя вылучыла прэтэнзіі да БХК за няплату падаткаў на сродкі, атрыманыя ў якасці гуманітарнай дапамогі па праграме ТАСІС. Летам 2004 года гаспадарчы суд Мінска зняў з БХК абвінавачанні ва ўхіленні ад платы падаткаў па сродках, задзейнічаных у межах праграмы ТАСІС, аднак гэтае рашэнне апратэставаў намеснік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Яўген Смірноў. У снежні 2004 года прэзідыум Вярхоўнага суда задаволіў яго пратэст і абавязаў БХК выплаціць падаткі і штрафныя санкцыі ў суме, эквівалентнай прыкладна 75.000 долараў ЗША. 1 лістапада 2006 года гаспадарчы суд Мінска пастанавіў канфіскаваць частку маёмасці БХК на 255 тысяч рублёў у лік выплаты 160 млн. рублёў штрафу і падатковых запазычанасцяў.

Між тым, на думку БХК, гэтыя грошы не абкладаюцца падаткам.

«Нам час ад часу нагадваюць аб нявыплачанай суме. Мы рэгулярна ходзім і ў пракуратуру, і ў падатковую інспекцыю, дзе сцвярджаем, што грошы, атрыманыя ў межах праграмы ТАСІС, не абкладаліся падаткам. У той час калі мы атрымлівалі грошы па гэтай праграме, Савет міністраў не прывёў беларускае заканадаўства ў адпаведнасць з указам прэзідэнта, згодна з якім гуманітарная дапамога, якая атрымліваецца ў межах праграмы ТАСІС, павінна абкладацца падаткам. Таму вінаватымі ў няўплаце падаткаў мы сябе не лічым», — сказаў Паганяйла.

Паводле яго слоў, усе рахункі арганізацыі заблакіраваныя, арганізацыя ж не мае ніякай уласнасці — усё абсталяванне і маёмасць яна арандуе. Таму, як заявіў Паганяйла, у адпаведнасці з законам апісаць у БХК няма чаго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?