Расійскія тэхнічныя эксперты ўзламалі аперацыйную сістэму iPhone 4. Яны сцвярджаюць, што атрымалі доступ да «гіганцкіх» аб’ёмаў інфармацыі, у тым ліку выдаленых SMS і пароляў да сайтаў, на якія заходзяць уладальнікі гаджэта. Працай узломшчыкаў ужо 10 гадоў цікавіцца ФБР.

Расійскія тэхнічныя эксперты «раскалолі» iPhone 4, а таксама іншыя прылады, абсталяваныя аперацыйнай сістэмай iOS4. Гаджэты абароненыя 256-бітнымі ключамі, а таксама маюць дадатковыя апаратныя сродкі шыфравання. «Ускрыць» абарону здолелі спецыялісты «Элкамсофта» — кампаніі, якая спецыялізуецца на арганізацыі тэхнічных экспертыз.

«Праграму, з дапамогай якой можна атрымаць поўны доступ да зашыфраванай інфармацыі гаджэтаў ад Apple, могуць купіць толькі прадстаўнікі дзяржавы — праваахоўныя структуры і судовыя эксперты»,
 — сцвярджаюць у кампаніі.

У блогу кампаніі яе гендырэктар Уладзімір Каталаў паведамляе, што смартфоны iPhone захоўваюць «гіганцкую» колькасць інфармацыі пачынаючы ад фота, лістоў электроннай пошты і SMS (у тым ліку выдаленых), каардынатаў месцазнаходжання прылады за апошнія некалькі месяцаў, прагледжаных мапаў Google Maps да гісторыі наведаных сайтаў і пароляў да іх у інтэрнэце. Звязацца з Каталавым у сераду не ўдалося.

Каб атрымаць доступ да інфармацыі ў iPhone, эксперты распрацавалі метад зняцця поўнай копіі апарата і расшыфравалі дадзеныя.

Для «ўскрыцця» неабходна, каб гаджэт трапіў да экспертаў, аддалены доступ цяпер немагчымы.

«Узлом» ускладняўся тым, што некаторыя паролі захоўваюцца ў сістэмным сховішчы і зашыфраваныя ўнікальным майстар-ключом. Каталаў піша, што пароль карыстальніка звычайна складаецца з чатырох лічбаў і пры выкарыстанні метаду «грубай сілы» на падбор правільнага варыянту ў сярэднім сыходзіць 20 хвілін. Акрамя таго, праграма выкарыстоўвае метад слоўных атак з улікам «мутацый і камбінацый». Атрымаўшы паролі, спецыялісты могуць расшыфраваць дадзеныя, а пасля копію файлавай сістэмы iPhone можна аналізаваць з дапамогай спецыялізаваных крыміналістычных праграм.

Федэральная служба бяспекі і Міністэрства ўнутраных справаў Расіі маюць праграмы, якія дазваляюць узломваць падобныя прылады,
кажа кіраўнік камітэта па інфармацыйнай бяспецы Асацыяцыі прадпрыемстваў кампутарных і інфармацыйных тэхналогій Аляксандр Сакалоў, але і праграма «Элкамсофта» можа знайсці пакупніка, калі будзе сертыфікаваная, дадае ён. Прадстаўнік упраўлення К МУС заявіў, што чуў аб гэтай кампаніі, але не змог аператыўна пракаментаваць пытанне аб перспектывах выкарыстання яе распрацовак. Прадстаўнік Apple не стаў каментаваць сітуацыю.

У красавіку гэтага года «Элкамсофт» прадставіў праграму, якая дае доступ да рэзервовых копіяў смартфона Blackberry.

Распрацоўкі кампаніі ўжо прыводзілі да міжнародных скандалаў.

У 2001 годзе Федэральнае бюро расследаванняў арыштавала супрацоўніка «Элкамсофта» Дзмітрыя Склярава па абвінавачанні карпарацыі Adobe. Ён распрацаваў алгарытм праграмы, якая дазваляе абыходзіць абарону электронных кніг у фармаце Adobe PDF. Крыптографа абвінавачвалі ў парушэнні закона «Аб абароне аўтарскіх правоў у лічбавую эпоху», гэта пагражала яму штрафам у $500 тысяч або турэмным зняволеннем на 5 гадоў. У 2002 годзе суд Каліфорніі апраўдаў Склярава.

Пры «ўзломе» прылад, вырабленых Apple, парушаецца інтэлектуальнае права кампаніі, лічыць эксперт у галіне тэлекамунікацыйнага права Антон Багатаў. «Няважна, робіцца гэта [узлом] у інтарэсах добрых хлопцаў або ў інтарэсах дрэнных», — лічыць Багатаў, дадаючы, што ў справы ёсць юрыдычная перспектыва. Праграма можа апынуцца не толькі ў руках праваахоўнікаў, але і ў зламыснікаў, папярэджвае і Сакалоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?