У пачатку тыдня выйшла з друку новая кніга Юр'я Туронка «Людзі СБМ».

Кніга выдадзена ў Вільні – кіраўнікі менскіх недзяржаўных друкарняў, пабачыўшы толькі назву, катэгарычна адмаўляліся друкаваць манаграфію.

Працу над кнігай доктар гісторыі Юры Туронак скончыў пры канцы верасьня 2006 г. Нягледзячы на перанесены ўлетку інсульт і наступствы, ён давёў працу да канца.

Дасьледчыка надта ня любяць афіцыйныя гісторыкі, што займаюцца пытаньнямі Другой сусьветнай вайны. Найперш за тое, што сп. Туронак здольны глядзець на беларускую мінуўшчыну без ідэалягічнай заангажаванасьці. Таму зь ягонымі тэзамі заўсёды складана спрачацца.

У кнізе сп. Туронак раскладае па палічках усю гісторыю Саюзу беларускай моладзі і моцна крытыкуе як афіцыйных гісторыкаў, так і дасьледчыкаў з ура‑патрыятычнага лягеру. І тыя, і другія фальшавалі гісторыю СБМ ва ўгоду палітычнаму кантэксту. Усё было куды больш празаічна і трагічна.

Аўтар расказвае пра пачаткі стварэньня арганізацыі, падрабязна апісвае кіраўнічыя кадры (у тэксьце зьмешчаныя каля 40 біяграмаў), аналізуе статыстыку, дзейнасьць Працоўнай групы СБМ у Нямеччыне ды прасочвае паваенны лёс юнакоў і юначак. А гэты лёс быў незайдросным: «Усіх гэтых юнакоў, акрамя перабежчыкаў да Андэрса, чакаў адзін лёс – палон, фільтрацыя, а даваенных савецкіх грамадзян – прымусовая рэпатрыяцыя, або адмаўленьне ад свайго імя, паходжаньня і мінулага, што адкрывала пэрспэктыву маральна непаўнацэннага кансьпіратыўнага бытаваньня на чужыне».

У кнізе зьмешчаны дакумэнты СБМ, вершы і песьні, напісаныя пад ўплывам патрыятычнага ўздыму ўдзельнікамі – ці для ўдзельнікаў – арганізацыі. Сярод іх аўтараў і шараговыя СБМаўцы, і Натальля Арсеньнева ды Міхась Кавыль.

Мала хто ведае, што аўтар знакамітага эмігранцкага маршу «Сьпі пад курганам герояў», які выконваўся падчас пахаваньняў, — кіраўнік СБМ Міхась Ганько. Але памяць пра яго вытручвалі ня толькі ў савецкай Беларусі, але й на эміграцыі. Нават прыпісвалі аўтарства верша Янку Купалу.

Кніга – выдатны падарунак для тых, хто цікавіцца гісторыяй, і пазасталых у жывых былых эсбээмаўцаў. Разам з тым гэта і «падарунак» для гісторыкаў ад улады. У іх кніга выкліча толькі злосьць, як ужо было зь «Беларусьсю пад нямецкай акупацыяй».

Шукайце кнігу ў незалежных распаўсюднікаў і на Кнігі-поштай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?