Аляксандр Лукашэнка загадаў спыніць рост цэнаў у краіне.
«Усякі рост цэнаў павінен жастачайшым образам спыняцца, — заявіў ён на нарадзе ў Адміністрацыі прэзідэнта. — Няма тавараў, на якія трэ было б павысіць цэны», — крычаў ён. Ён загадаў, каб кожнае павышэнне цэн узгаднялася ў васьмі інстанцыях.

«Вы першымі пакладзяце партбілеты, кажучы савецкай мовай»,
 — пагражаў ён прэм’ер-міністру і старшыні Нацбанка на выпадак, калі яны не выйдуць на раўнаўзважаны адзіны курс.

Аляксандр Лукашэнка выглядаў узвінчаным і бледным. Ён крычаў на прысутных. Ён загадаў «30 гадзін працаваць», каб вырабляць больш прадукцыі.

«Камітэт дзяржкантролю, урад, губернатары надзяляюцца з сённяшняга дня усімі паўнамоцтвамі па вырашэнні праблем спажывецкага рынку, дысцыпліны і парадку на вытворчасці і ў краіне», — сказаў ён.

«І прашу да мяне не звяртацца з скаргамі, што Камітэт дзяржкантролю, міліцыя або органы ўлады, кантралюючы дысцыпліну працы, выконваючы даручэнні прэзідэнта, кагосьці застукалі ў краме ў той час, калі ён павінен быць на будаўнічай пляцоўцы, што на заводзе, на фабрыцы», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. «Не чакайце ніякіх указанняў, выганяйце з працы адразу», — запатрабаваў Лукашэнка.

Няясна, якім чынам правяраючыя ў крамах будуць высвятляць, хто і дзе працуе і ці ён не ў адпачынку.

«Заўтра пачнуць патрабаваць павышэння зарплаты. А з чаго яе падвышаць, калі прадукцыйнасць працы не падвышаецца»,

 — дадаў Лукашэнка.

Таксама

Аляксандр Лукашэнка загадаў спыніць працу шэрагу замежных СМІ, у тым ліку расійскіх. Іх абвінавацілі ў правакаванні эканамічнага крызісу.

«Больш за ўсё істэрыі ў расійскіх сродках масавай інфармацыі. Я назіраў і за нашымі замежнымі СМІ, якія тут, дзякуючы Адміністрацыі прэзідэнта, сталі пануючымі, і за замежнымі. На другім месцы — нашы, якія выдаюцца тут. Я не буду іх называць, каб не ствараць ім рэйтынг. Але

зрабіце ўсё, каб больш гэтыя СМІ не прысутнічалі на нашай тэрыторыі.
І не таму, што мы хочам закрыць ім рот, я бачыў, што ўвесь ажыятаж назіраўся адтуль», — заявіў А. Лукашэнка ў пятніцу на нарадзе аб сітуацыі на валютным і спажывецкім рынку.

Інфармагенцтвы пакуль даюць толькі гэтыя словы. З іх цяжка зразумець канкрэтыку: хто маецца на ўвазе пад «нашымі замежнымі СМІ»?

«Я працытую, што пра нас пішуць самыя агалцелыя расейскія СМІ», — сказаў А. Лукашэнка. Ён расказаў:

«мяне папракаюць, што я тэрмінова пакінуў краіну і збег».

«Маецца на ўвазе камандзіроўка ў Казахстан, якая планавалася за год», — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, «паралельна абвінавачваюць Мясніковіча (прэм’ер-міністр Беларусі) і Пракаповіча (кіраўнік НББ) за тое, што сядзяць, як мышы пад венікам».

«Падлічваюць, колькі мы страцілі ў эканоміцы ў выніку дэвальвацыі, папракаюць, што мы будзем зноў шантажаваць Расію», — адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама заявіў, што масавай прыватызацыі не будзе.

«Ніхто — ні МАЗ, ні «Белкалій», ні БелАЗ, ні БМЗ — ніхто нічога не купіць без майго ведама», — адзначыў А. Лукашэнка.

Лукашэнка адзначыў, што «ў ажыятажным катле СМІ некаторыя палітыкі з-за мяжы пачалі ўставаць у чаргу і крычаць: заўтра Лукашэнка пачынае прадаваць актывы найбольш ліквідных прадпрыемстваў». «І нават сумы пачалі называць — 7,5 мільярда даляраў», — сказаў ён. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў: «Я нават адзін актыў за такую ​​суму не прадам». «Пажадана, каб у гэтай чарзе, хто стаіць першы, крыкнуў апошняму: разыходзьцеся! Продажу не будзе, тым больш за бесцань, як сёй-той гэта хоча прыхапіць», — заявіў А. Лукашэнка.

Ён дадаў, што распродажу не будзе. «І гэта я кажу ўраду і Нацыянальнаму банку, калі яны разлічваюць, што мы заўтра штосьці пачнем прадаваць, каб стабілізаваць сітуацыю ў краіне. Гэтага не будзе», — падкрэсліў А. Лукашэнка.

Лукашэнка таксама заявіў, што яму сорамна за беларускі народ.

«Я хачу звярнуцца да людзей: спыніце ў сваіх кватэрах, гаражах і падвалах ствараць склады. Калі ласка, не вывозьце з крамаў пад свае ложкі. Мы забяспечым столькі, колькі вам неабходна кожны дзень», — адзначыў кіраўнік дзяржавы ў пятніцу на нарадзе па бягучай сітуацыі на спажывецкім і валютным рынках.

«Трэба кілаграм мяса — купляйце, трэба 5 кілаграм — купляйце, але не купляйце 10 кілаграм. Мы не паспеем завезці за два дні ў крамы ў тры разы больш, чым гэта было ўчора», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка агучыў дадзеныя закрытага апытання грамадскай думкі па сітуацыі ў краіне, у адпаведнасці з якім каля чвэрці апытаных вінавацяць у сітуацыі, якая склалася ў краіне, саміх сябе і толькі 10% — кіраўніка дзяржавы.

«На пытанне, хто вінаваты ў пагаршэнні вашага жыцця, прыкладна 25% грамадзян сказалі, што вінаватыя самі. Дзіўна для беларусаў, што чвэрць насельніцтва лічыць, што самі вінаватыя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?