Увядзенне свабодных цэн не паўплывала на павелічэнне гандлёвых надбавак. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра гандлю Аляксандр Забела, адказваючы 27 мая на пытанні парламентарыяў на сумесным пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу.

Ён паведаміў, што па выніках работы за першы квартал рэнтабельнасць гандлёвай галіны склала 2,4%. «Гэта вельмі нізкі працэнт, значна ніжэйшы, чым у іншых галінах нашай краіны», — адзначыў намеснік міністра.

Паводле слоў Забелы, спажыўцы «часта бачаць рознічную цану і лічаць, што асноўная прычына высокага кошту таго ці іншага тавару заключаецца менавіта ў гандлі». «Насамрэч не так. Пасля лібералізацыі цэн у рамках чацвёртага дэкрэта кіраўніка дзяржавы мы зрабілі аналіз таго, што ж адбылося на рынку. Сярэдні памер гандлёвай надбаўкі па Мінску за чатыры месяцы склаў па харчовых таварах 16,4% (да ўвядзення свабодных цэн — 16%), па нехарчовых таварах — 23,2% (раней — 22,5%)», — паведаміў ён.

Забела таксама адзначыў, што сёння насельніцтва «збірае не грошы, а таварную масу». «У сувязі з нестабільным курсам долара рост цэн адбыўся не за кошт гандлёвых надбавак, а за кошт фарміравання аптова-адпускных цэн найперш на імпартныя тавары і тавары, дзе прысутнічае імпартная складаючая», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?