Прэм’ер-міністр Украіны Мікалай Азараў не бачыць падстаў для пераходу на разлікі па бартэры з боку Беларусі. Пра гэта ён заявіў журналістам 30 мая ў Кіеве.
«Я не бачу абсалютна ніякіх падстаў, бо ў правядзенні разлікаў з Беларуссю не было праблемы на сённяшні дзень», — цытуе Азарава РІА Новости.
Паводле слоў Азарава, валютных рэзерваў Беларусі дастаткова для выканання абавязацельстваў па знешнеэканамічных кантактах.
«У галіне выканання сваіх знешніх абавязацельстваў пакуль Беларусь паводзіць сябе даволі акуратна, усе пастаўкі і знешнеэканамічныя сувязі аплачваюцца, кантракты аплачваюцца»,- адзначыў прэм’ер Украіны.
Пры гэтым Азараў дадаў, што Украіна, безумоўна, спагадае «нашай брацкай Беларусі». «Калі ад нас нейкая дапамога будзе неабходная, мы, безумоўна, будзем аказваць такую дапамогу», — падкрэсліў кіраўнік украінскага ўрада.
У некаторых украінскіх СМІ з’явілася інфармацыя, што Беларусь жадае перайсці на бартэрныя разлікі з Украінай у сувязі з цяжкім фінансавым становішчам у краіне.