10 сутак, альбо Хата № 23, 31, 2, 17, 18

Арышт

Калі я атрымаў ад маці смску, што памёр мой дзед, то неадкладна вырашыў ехаць на пахаванне. Даляцеў да Чарнігава маршруткай за 2 гадзіны, спазніўся на цягнік, але ледзь паспеў на аўтобус Кіеў — Гомель. Аўтобус упэўнена паехаў у бок беларускай мяжы.

На мяжы ўсім выйсці з рэчамі з аўтобуса і прайсці на кантроль. Я пайшоў трэцім. Маладая і прыгожая памежніца паклала мой пашпарт на сканар. Відаць, пабачыла нестандартнае паведамленне на маніторы і пачала нервавацца і выклікала на дапамогу калегу. Тая праглядзела манітор, нешта шапнула першай на вуха і выйшла з пакоя на вуліцу, зайшла ў будку кантролю тых, хто едзе на аўтамабілях, і па тэлефоне камусьці даклала. Усё стала зразумела — я ізноў у чорным спісе. Незразумелым заставалася толькі наступнае: калі са мной будуць праводзіцца «адпаведныя» дзеянні, дзе яны будуць праводзіцца і які яны будуць мець характар. Усхваляваная, але максімальна сабраная памежніца са словам «пожалуйста» перадала мне пашпарт. Мытнік праглядзеў торбу, і я спакойна пайшоў на сваё месца ў аўтобусе. Прыкладна праз 30 хвілін мы працягнулі дарогу.

А дзесьці дзядзькі з сытымі тварамі, з вялікімі зоркамі на пагонах паціралі рукі і аблізваліся, прыкідваючы, на што выдаткуюць прэмію за спайманне «гэтага БНФаўца». Відаць, паціралі так, як калі не выпусцілі мяне з аэрапорта Мінск-2 у 2008 годзе…

Я выдатна разумеў прычыну гэтай радасці, але ж спадзяваўся, што людзі там маюць хоць крыху сумлення і абмяжуюцца позвай на допыт. Тым больш што я ні ад кога не хаваўся, афіцыйна перасякаў мяжу і заўжды прыходзіў па позве, калі яна мне ўручалася належным чынам. А гэтым разам я ехаў на пахаванне свайго дзядулі.

Але я памыліўся. У гэтых мардаваротаў з шырокімі лампасамі на штанах сумлення папросту няма, і мяне замкнулі ў клетцы.

У Гомелі на прыпынку перад вакзалам праз пярэдняе шкло аўтобуса я ўбачыў двух 2 спецназаўцаў, якія беглі да аўтобуса. Стаўшы збоку ад дзвярэй, яны пачалі разглядаць пасажыраў, што выходзілі. У ніжэйшага ростам спецназазаўца па рацыі гучна перадалі «Проверить документы. Калита — задержать». Мы сутыкнуліся позіркамі — я ўсміхнуўся і павітаўся.

— Добры дзень.

— Здравствуйте. Вы Калита?

— Так.

— Паспорт с собой?

— Так.

— Предьявите, пожалуйста.

— Калі ласка.

Праверылі пашпарт.

— Руки в стороны, ноги на ширине плеч. Колющие, режущие предметы при себе имеются?

— Не.

Пад’ехаў спецназаўскі УАЗік і легкавая машына, з якой выйшаў чалавек у цывільным.

— Пожалуйста, пройдемте в машину.

— Паведамце, калі ласка, падставу майго затрымання.

— Пройдемте, сообщим в отделе.

Трэба аддаць належнае, супрацоўнікі гомельскага спецназу паводзілі сябе карэктна. Прынамсі, ніводнага мату з іх боку я не пачуў.

Калі мяне пасадзілі ў машыну, начальнік спецназу і чалавек у цывільным адышлі паразмаўляць. Ужо ў аддзеле я даведаўся ад старшыны, які мяне затрымліваў, што я «Приставал к гражданину, пытался затеять драку, на замечания мимо проходившего патруля не реагировал».

У аддзеле на маю сціплую персону прыйшло паглядзець чалавек 8–9 афіцэраў. Разглядалі мяне як дыназаўра. Прызнаюся, не вельмі прыемнае адчуванне. Адзін міліцыянт усё прыспешваў мяне: «Давайте быстрее, подписывайте протокол, я опаздываю…». Я не спяшаўся, бо разумеў — у камеру я яшчэ паспею.

Пасля сканчэння ўсёй папяровай працы, я папрасіўся скарыстацца прыбіральняй. Клазет мяне ўразіў: ад смуроду пачало рэзаць вочы, і я хутка рэціраваўся, сур’ёзна задумаўшыся пра самапавагу міліцыянтаў аддзела.

Канваіравалі мяне ў Гомельскі ізалятар часовага ўтрымання (далей ІЧУ) на «Ніве» маёр і капітан, у кайданках. За намі ехаў УАЗік, поўны спецназу. Прыкладна ў 00:10 я быў дастаўлены ў дзяжурку ізалятара. Дзяжурны ізалятара аказаўся ўсмешлівым маёрам, які хутка патлумачыў мне, дзе я знаходжуся. Надгляд быў вельмі падрабязны. Мяне прымусілі распрануцца да майткоў, зняць абутак, вывернуць шкарпэткі. Кожная мая рэч была абмацаная памочнікам дзяжурнага і праверана металадэтэктарам. Толькі пасля гэтага мне далі магчымасць апрануцца. Абутак, праўда, надзець не далі — замест яго выдалі брызентавыя камерныя тапачкі.

Пасля ператрусу мне пакінулі малітоўнік і гігіенічныя прылады. Адвялі ў капцёрку, дзе выдалі матрац, прасціну, наматрацнік, навалачку, падушку і коўдру. Не ведаю, з чаго робяцца іх матрацы ды падушкі, але было адчуванне, што іх набіваюць розным трыбухом са жлобінскай футравай фабрыкі. Пасля паднялі ў камеру № 23. Па сутнасці, камера гомельскага ізалятара мала адрознівалася ад акрэсцінскай, хоць і мела пэўныя асаблівасці. Па-першае, сцены (у адрозненне ад акрэсцінскіх) былі пафарбаваныя не ў жоўты, а ў белы колер, прыбіральня не мела агароджы і зліўны бачок быў выведзены за межы камеры — на калідор. На Акрэсціна бачкі ўвогуле адсутнічаюць. Падлога пафарбаваная ярка-чырвонай фарбай. Лямпачка (луна) знаходзіцца не над дзвярыма, а на столі, і схаваная за вялікую металічную выгнутую пласціну з прасвідраваным у ёй мноствам дробных дзірачак. Сцэна была даволі высока паднятая — недзе на 70 см ад падлогі і па яе баках (каля галавы) — замест дошак былі прыкручаныя 2 металічныя квадратныя пласціны з дзіркамі, прыкладна 40 на 40 см. Вокны невялікія, прыкладна 40 на 70 см, і два шэрагі кратаў. Маю падставы меркаваць, што я быў у найлепшых камерах, таму не ведаю што ў найгоршых. Брэх канвойных сабак не даваў заснуць, перад вачамі міргалі кадры з савецкіх фільмаў, дзе фрыцы трымаюць на кароткім павадку аўчарак, гатовых парваць палонных. Я рыхтаваўся да горшага.

Велікодная нядзеля сустрэла мяне шмонам з боку адміністрацыі. Як пасля высветлілася, шмон адбываецца 2 разы на дзень. Працэдурна гэта выглядае так: адчыняюцца дзверы ў камеру, паступае каманда: «На выход, лицом к стене, руки на стену». Адзін з пяці прысутных міліцыянтаў спачатку абмацвае вопратку рукамі, потым праводзіць па руках, шыі, спіне, грудзям і нагам металашукальнікам. У гэты час 3 супрацоўнікі ператрэсваюць камеру — адзін пераварочвае матрац, трасе падушку і коўдру, капаецца ў асабістых рэчах. Другі драўлянай калатушкай грукае па сцяне. Трэці (звычайна жанчына) з доўгай металічнай спіцай з кручком на канцы капаецца ў нейкіх іншых месцах. Пасля гэтага старэйшы афіцэр задае пытанне: «Вопросы, жалобы, предложения?». На гэтым шмон заканчваецца. Можна зайсці ў камеру і наводзіць парадак да аналагічнай вечаровай працэдуры. На Акрэсціна, дарэчы, задаюць пытанне «Жалобы, предложения?». Пытанні задаваць чамусьці нельга.

Судзілішча

На суд мяне разам з іншымі адміністратыўнікамі і крымінальнікамі прывезлі каля 12 гадзінаў дня. Вазілі нас у так званай «пілюлі» — задняй частцы УАЗіка, сцены якога ад сонца награваліся, і мы ўпяцёх адчувалі, як нас нажывую смажаць. Міліцыянт-канваір доўга з кімсьці высвятляў па тэлефоне, да якога «суддзі» мяне завесці. Маім спадарожнікам ужо адмералі 5 і 7 сутак, а крымінальнікаў павялі асобна.

Урэшце з мяне знялі кайданкі і завялі ў кабінет «суддзі». Судзіў мяне Парэмскі Яраслаў Ігаравіч, які меў на выгляд каля 35 гадоў. Ён доўга не цырымоніўся — адразу пачаў працэс. Я абарваў яго прамову пасля таго, як ён агучыў мне маё права заяўляць хадайніцтва.

Я заявіў хадайніцтва аб пераносе разгляду справы на іншы дзень у сувязі са смерцю і пахаваннем блізкага сваяка ў гадзіну дня. На што мне было сказана: «Решение по Вашему делу будет принято сегодня». Стала зразумела — не адпусцяць, і я заявіў новае хадайніцтва аб удзеле ў працэсе адваката.

Суддзя прапанаваў мне назваць імя адваката, і першым, хто прыйшоў мне на розум, была адвакат Мар’яна Сямешка з Мінска, якая некалі абараняла мяне ў Салігорскім судзе пасля акцыі ў падтрымку Івана Шылы. Я разумеў, што ніхто яе шукаць не будзе, але я для сябе дакладна разумеў, што з гэтым «суддзём» трэба «пакантактаваць» як мага даўжэй, бо я не спяшаўся ізноў вярнуцца да праслухоўвання брэху канвойных сабак пад вокнамі маёй камеры. Суддзя абвясціў перапынак да 14 гадзінаў дня дзеля сувязі з заяўленым адвакатам. Мяне закавалі ў кайданкі і разам з іншымі асуджанымі даставілі ў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёна, дзе пасадзілі ў клетку да 2-х гадзінаў дня.

Калі мяне даставілі ў суд, там ужо былі сведкі — спецназавец, які мяне затрымліваў — Кажамякін М. В., і чалавек у цывільным — Аляксееў В. А.

З кабінета «суддзі» выйшаў высокі шырокі дзядзечка з чамаданам у руках, за ім з-за дзвярэй паказалася галава сакратаркі, якая сказала нам: «Заходите». Канваір завёў мяне ў кабінет.

Працэс працягнуўся. Суддзя паведаміў мне, што адвакат не прыедзе, а іншага яны мне не дадуць. Ну, я асабліва іншага адказу і не чакаў. Я заявіў новае хадайніцтва — «Аб вядзенні працэсу па-беларуску», якое было адхіленае.

Калі я запытаўся, на падставе чаго мне адмоўлена ў праве на беларускамоўны працэс, «суддзя» мне адказаў: «У нас два государственных языка, и Вы обязаны знать оба».

No comment, як кажуць.

Потым усё пайшло як звычайны палітычны суд. Сведка — міліцыянт Кажамякін — і «пацярпелы» Аляксееў падпісалі паперы пра адказнасць за ілжывыя паказанні і вылілі сваю хлусню. Я задаваў пытанні, яны блыталіся ў паказаннях. Ад нерваў і крыўды я пачаў пастукваць бранзалетамі кайданкоў. Відаць, гэта пачало раздражняць «суддзю», і ён загадаў канваіру іх зняць. Вырак «не адыходзячы ад касы» — 10 сутак.

Пасля вынясення прысуду мне за спінай замкнулі кайданкі і вывелі на калідор, дзе мяне заўважыў мужчына з дапытлівым позіркам. Гэта аказаўся прадстаўнік БХК. Ён запытаўся, ці я Каліта. — Так, мне далі 10 сутак, у мяне сёння пахаванне дзядулі, і я абвяшчаю галадоўку.

Пасля гэтых словаў мяне пацягнулі да чорнага ходу, праз які завялі на першы паверх да вокнаў канцылярыі, дзе ўручылі копію пастановы «суда».

Вывелі ў двор. Адзін з канваіраў заўважыў чалавека з камерай, які нас здымаў праз шчыліну плота. Па кедах і кепцы я пазнаў Яўгена Суворава — майго добрага сябра і давераную асобу Кастусёва на мінулых выбарах. Я крыкнуў яму: «Жыве Беларусь! Хэвік, я абвясціў галадоўку», — і пачуў у адказ мармытанне ў ягоным стылі: «Ды ведаю я ўжо».

Мяне зачынілі ў «пілюлю», дзе я яшчэ хвілін 30 смажыўся пад сонцам, седзячы ў кайданках. Адвезлі мяне ў Чыгуначны аддзел міліцыі два мужчыны ў джынсах і скураных куртках. У вышэйшага пад расшпіленай скуранкай злева ў кабуры быў пісталет Макарава. Ён запытаў у дзяжурнага пра мяне. Той паказаў на маю клетку. Дзядзька са ствалом злосна паглядзеў на мяне, быццам я скраў у яго мех бульбы. Мяне вывелі з камеры, ён надзеў на мяне кайданкі і павёў у службовую «Ніву». З аддзела мяне кудысьці павезлі.

Гомельскія вулкі былі прыгожымі і ўтульнымі, гуляла моладзь. Я сядзеў у кайданках на заднім сядзенні, справа ад мяне сядзеў дзядзька са ствалом. Я запытаўся: «Расстрэльваць везяце?» — «Ну зачем же? У Вас скоро день рождения».

Мы трапілі ў невялікі затор. Справа, метраў за 500 ад нас, нейкія людзі пхалі заглохлы белы жыгуль. Дзядзька з пісталетам сказаў свайму напарніку «Смотри, цыгане опять свой жигуль не могут завести, интересно, что вторая машина у них — «Джип-чероки». Напарнік буркнуў: «Пусть лучше на конях ездят». Параўняўшыся з імі, я ўбачыў, што тыя, хто пхаў машыну, сапраўды былі цыганамі. З чаго я зрабіў выснову, што мае канваіры — супрацоўнікі крымінальнага вышуку аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Бо менавіта палкоўнік гэтага аддзела тры дні таму расшукваў мяне праз маю былую жонку.

Мяне даставілі назад у ІЧУ, правялі дагляд, выдалі пасцельную бялізну і паднялі ў адзіночную камеру № 31. Камера хоць і аказалася ў два разы меншай за папярэднюю, але ўсё ж была чыстай і акуратнай, а дробныя кроплі вады на сцяне і падлозе сведчылі, што ў ёй нядаўна рабілася прыборка.

Падчас вечаровага шмону я паведаміў дзяжурнаму, што абвясціў галадоўку, і ён запісаў мяне на прыём да начальніка ізалятара. На наступную раніцу мяне завялі да начальніка, які аказаўся выхаваным падпалкоўнікам з пышнымі вусамі і добрымі вачыма. Ён ветліва запрасіў мяне ў кабінет, прапанаваў прысесці і распытаў прычыны маёй галадоўкі. Агулам ён пакінуў уражанне добрага чалавека.

Ноч прайшла ў малітвах і, цалкам даручыўшы сябе Божай волі, я змог пад раніцу заснуць.

Днём мяне чакаў адзіночны прагулачны дворык і душ, а таксама перадача ад сяброў.

Этап

28 красавіка, а 5-й раніцы дзверы камеры расчыніліся. Дзяжурны сказаў: «Подъём, собираем вещи, справляем естественные надобности так, чтобы ничего не хотелось часа 4, забираем матрас и выходим из камеры».

На вуліцы ледзь развіднела. Сабраўшы рэчы, мяне павялі ў капцёрку, а адтуль у кабінет дзяжурнага. У пакоі мяне чакалі дзяжурны, яго памочнік, начальнік ізалятара, здаравенны спецназавец і два канваіры з кайданкамі — капітан і маёр. Пасля дагляду і праверкі асабістых рэчаў мне надзелі кайданкі. Другія кайданкі з доўгім металічным тросам прычапілі адным бранзалетам да ланцужка першых, другі бранзалет зашчоўкнуў на сваёй руцэ капітан-канваір. Мяне адвялі ў аўтамабільны бокс, дзе пасадзілі на задняе сядзенне «Нівы». Па баках селі капітан з маёрам, спераду кіроўца — спецназавец з пісталетам Макарава і самым шырокім спектрам спецсродкаў.

Зразумеў: мяне вязуць у Мінск. Начальнік канвою — маёр — праз кожныя 30 хвілін па мабільным тэлефоне рабіў даклад: «Товарищ полковник, начальник конвоя майор Пилипенко, у нас всё нормально, проехали указатель на населенный пункт…». Мяне ж турбавала адно: куды мяне? У СІЗА КДБ ці на Валадарку?

У «Ніве» грала радыё. З выпуску навінаў (першых за апошнія 5 сутак) я даведаўся, што Міністэрства інфармацыі падала позву аб ліквідацыі «Нашай Нівы» і «Народнай Волі». Стала яшчэ больш сумна, бо гайкі пачалі закручваць мацней.

На маю невялікую, але ўсё ж радасць, мяне даставілі на Акрэсціна. Кіраўніцтва ўстановы доўга не хацела запускаць нашае аўто ў двор ЦІПа. Урэшце заехалі. У дворыку стаяў вялікі зялёны аўтобус, а каля яго каля 30 мужчын прапітага выгляду рыхтаваліся да этапу ў ЛТП. Нам жа чакаць давялося яшчэ каля 2-х гадзінаў.

Толькі недзе каля 16-ці гадзінаў мяне завялі ў дзяжурку, дзе, зняўшы кайданкі, пасадзілі ў так званы «адстойнік» — камеру № 2. Прачытаўшы на сцяне надпіс «Жыве Belarus», я адчуў, як на душы стала неяк цяплей. Неяк бліжэй мне гэтыя сцены, у якіх адседзелі тысячы беларускіх патрыётаў.

Недзе праз 30 хвілін выклікалі з камеры на калідор, дзе на мяне прыйшоў паглядзець начальнік ЦІПа маёр Карповіч.

— Знаешь, почему тебя сюда привезли? — запытаўся ён

— Не. Але думаю, для даседжвання сваіх сутак, — усміхнуўся я.

— Ты же сидел у меня несколько раз. Помнишь? — свідраваў мяне вачыма маёр.

— Памятаю, што сядзеў даўно, але вас не памятаю.

— А я памятаю. Ладно. Иди адпачывай, — здзекліва загадаў ён.

Недзе, а 18-й мяне скончылі афармляць, і шчаслівыя гомельскія канваіры весела са мной развіталіся, а мяне завялі назад у камеру.

Сустрэча з камітэтчыкамі

Прыкладна, а 19-й мяне ізноў вывелі з камеры і паднялі на другі паверх у «пакой для апытання». У пакоі ўжо быў той самы маёр Карповіч і малады чалавек у строгім гарнітуры, але з прыкольнымі перламутравымі запанкамі на рукавах кашулі. Пасля кароткай прамовы Карповіча пра тое, што мая галадоўка ёсць несанкцыянаваным пікетам і каб я мог яе праводзіць, я мушу падаць заяўку ў Мінгарвыканкам, размову пачаў чалавек у цывільным.

— Ну, думаю, дальше мы с Александром Макаровичем поговорим по вопросу данной встречи.

Карповіч выйшаў з кабінета.

— А вы хто? — запытаў я.

— Я сотруднік КГБ. Думаю что Вы уже догадались.

— Ну, у прынцыпе, так.

— Александр, — працягнуў ён, — Вы знаете, почему Вы здесь оказались?

— Ну, у прынцыпе, так, ведаю, толькі не разумею, навошта трэба было чыніць увесь гэты спектакль. Няўжо было складана проста выпісаць мне позву?

На гэтыя пытанні адказу не было.

— Ну, раз вы понимаете причину вашего здесь нахождения, тогда начнем с того что…@@@ тут я мушу ўключыць самацэнзуру @@@.

Размова ішла каля гадзіны. На заканчэнне супрацоўнік паабяцаў вярнуцца на наступны дзень. Мяне адвялі ў 2-ю камеру, адтуль у душ, потым на 20-хвілінную размову да Карповіча. Бліжэй да 10 вечара мяне з рэчамі паднялі ў камеру № 17, у якой, на маю радасць, было яшчэ 5 чалавек. Гэта быў добры знак. Можа, выпусцяць, падумаў я.

У 17-й было значна цяплей, чым у № 2, стары зэк Пеця пабываў у многіх айчынных калоніях і травіў турэмныя байкі, хваліў Мілінкевіча, расказваў, што некалі ў 2006-м разам з ім сядзеў.

Камітэтчык не схлусіў і на наступны дзень прыйшоў. Не адзін, з калегам. Мне агучылі прапанову весці канструктыўны дыялог і «вспомнить всё», калі я не хачу затрымацца тут альбо ў іншым месцы на больш працяглы тэрмін. На што я адказаў: «Калі перад вамі пастаўленая задача „прышыць“ праз маю персону апазіцыю да крымінальнай справы, то што б я ні казаў, колькі б я ні згадваў тыя ці іншыя факты, вы мяне ўсё адно прышыеце».

Яны запэўнілі, што задачу прышываць апазіцыю да справы перад імі ніхто не ставіў і яны сапраўды маюць самы шчыры намер правесці поўнае расследаванне трагічных падзеяў 11 красавіка.

— Ну, раз так, то давайце свае пытанні.

— Хорошо, вчера мы закончили на том, что @@@ самацэнзура @@@.

Апытанне цягнулася каля 5 гадзінаў. Пры канцы мне прапанавалі падпісаць абавязанне наступнага зместу: «Каліта А. М. Абавязуюся не разгалошваць звесткі, якія сталі мне вядомымі ў часе расследавання крымінальнай справы па факце выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка. У адваротным выпадку я буду прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. 29.04.2011 г. Подпіс».

На гэтым мы развіталіся. Мяне адвялі ў 17-ю камеру.

А палове на 8-ю вечара пачаўся акрэсцінскі шмон, які звычайна праходзіць у пятніцы. Цікава, што адзін з прапаршчыкаў заўжды праводзіць дагляд у кіцелі без пагонаў і ў гумовых пальчатках. Бывалыя сядзельцы кажуць, што гэта ён так баіцца, каб падчас дагляду на яго з арыштантаў не пераскоквалі вошы. Дзіўны. Я за ўвесь час так нідзе ніводнай вошы не ўбачыў.

На наступны дзень мяне перакінулі ў суседнюю, 18-ю камеру. Там ужо сядзела два арыштанты. Пасля абеду атрымаў перадачку ад сястрычкі — Сашы Клімовіч. Дзякуй табе, Саша.

Чакаю выхаду, аглядаючы сцены, знайшоў надпісы «Жыве Беларусь», «Jeans-by.com», «Маладыя дэмакраты», «Далоў Луку», «Шыла МФ». Дапісаў ад сябе «Каліта БНФ».

Ляжу, пішу свой новы акрэсцінскі дзённік.

Заўтра дамоў, калі на тое будзе Божая ласка.

P. S. Воля сустрэла сумнымі навінамі: У Змітра Дашкевіча памерла мама. Здароў’е Віталя Сіліцкага ў крытычным стане.

Зміцер, прымі мае спачуванні. Ты мужны чалавек! Трымайся.

Віталь, трымайцеся! Буду маліцца за Вас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?