Жыхарка Віцебска была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці за нелегальны гандаль, якім ніколі не займалася, з падачы сваёй былой аднакласніцы.Аднавіць справядлівасць дапамагло ўмяшанне старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі і Генеральнай пракуратуры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гаспадарчым судзе Віцебскай вобласці.
У пачатку 2010 года жанчына са здзіўленнем даведалася, што яна абвінавачаная ў ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі. Гаспадарчы суд вобласці, разгледзеўшы матэрыялы адной з раённых падатковых інспекцый Віцебска, прыцягнуў яе да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь без канфіскацыі даходу, які, зрэшты, не быў высветлены. Ужо пазней, калі віцяблянка звярнулася ў органы пракуратуры, удалося высветліць, што яе сумленным імем скарысталася былая аднакласніца.
Калі яна трапіла ў поле зроку падатковых органаў, то прадставілася не сваім імем, а былой аднакласніцы, падпісала акт праверкі ад яе імя і дала нумар яе пашпарта, і пры гэтым ніхто з правяральнікаў не запатрабаваў паказаць дакумент. Акрамя таго, нелегальная гандлярка ўказала ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні просьбу разгледзець справу ў яе адсутнасць.Як выявілася, былая аднакласніца займалася рознічным гандлем без афіцыйнай рэгістрацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.
Пастановай старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі Віктара Камянкова было скасаванае рашэнне гаспадарчых судоў Віцебскай вобласці ў дачыненні да невінаватай віцяблянкі, а справа аб адміністрацыйным правапарушэнні спыненая.