Далейшае пагаршэнне эканамічнага развіцця ў Беларусі можа прывесці да абясцэньвання шэрагу актываў Групы Сбербанка Расіі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы расійскага банка ў адпаведнасці з Міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці.

«Пачынаючы з сакавіка 2011 года ў Беларусі назіраецца пагаршэнне макраэканамічнай сітуацыі, якое працягваецца ў другім квартале 2011 года і суправаджаецца значным абясцэньваннем нацыянальнай валюты, высокай інфляцыяй, вялікім адмоўным сальда гандлёвага балансу. Павелічэнне колькасці аперацый зняцця грошай з банкаўскіх рахункаў садзейнічае ўзнікненню дэфіцыту ліквіднасці ў банкаўскім сектары», — канстатуюць аналітыкі Сбербанка.

Кіраўніцтва Групы Сбербанка ажыццяўляе пастаянны маніторынг развіцця сітуацыі.

«Далейшае пагаршэнне эканамічнага развіцця ў Беларусі можа прывесці да абясцэньвання шэрагу актываў Групы. На дату выпуску гэтай скарочанай прамежкавай кансалідаванай фінансавай справаздачнасці дакладна ацаніць згаданы ўплыў на фінансавыя вынікі Групы не ўяўляецца магчымым», — мяркуюць аналітыкі Сбербанка.

Сбербанку РФ належаць 97,91% акцый беларускага «БПС-Банка».

У 2010–2011 гадах Сбербанк выступаў адным з вядучых арганізатараў размяшчэння дзяржаблігацый Беларусі на расійскім рынку, а таксама беларускіх еўрааблігацый.

Як паведамлялася раней, Сбербанк Расіі да 2014 года меў намер выдзеліць Беларусі крэдытныя рэсурсы на 2 млрд. долараў і ўнесці да 350 млн. долараў у статутны фонд набытага ім беларускага ААТ «БПС-Банк». Гэта прадугледжвалася інвестыцыйным пагадненнем паміж урадам Беларусі і Сбербанкам, падпісаным у Мінску 11 снежня 2009 года разам з дагаворам куплі-продажу«БПС-Банка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?