Румынія перажывае люстрацыю былых даносчыкаў «Сэкурытатэ».

Даносчыкі і афіцэры

У нас ідзе вайна супраць амнэзіі – і вельмі слушна. Гаварыць пра паляваньне на вядзьмарак – абсалютны нонсэнс. «Вядзьмаркі» былі невінаватымі кабетамі, якіх мучылі і нават забівалі. Даносчыкі ж актыўна дзейнічалі на баку Зла. Яны не пакаяліся ў належны час, а сёй‑той зь іх нават пачаў іграць ролю ахоўніка грамадзкай маралі ў новай сыстэме, гэтым самым ўдзельнічаючы ў распаўсюджваньні няпраўды.

Аднак распарадчыкамі Зла былі не даносчыкі, а афіцэры «Сэкурытатэ» і камуністычныя апаратчыкі ‑‑ ідэолягі i кадравы склад.

Трэба толькі ацаніць, наколькі глыбока можна залезьці ў мінулае і якімі былі б наступствы падобных «раскопак» – наколькі гэтыя дзеяньні будуць мець значэньне для канкрэтных людзей, а наколькі мы будзем проста чарговы раз блукаць у лябірынце падманлівых ценяў.

Ці абмяжуемся мы зацятымі атакамі на даносчыкаў, якія зацягнулі з публічнай самакрытыкай? Ці мы спусьціліся нагэтулькі глыбока, каб дакрануцца да той неўпарадкаванай нармальнасьці, якая спадарожнічае штодзённым міжчалавечым сыстэмам? Ці мы зноўку будзем нівэляваць адказнасьць толькі дзеля таго, каб уратаваць таго ці іншага чалавека, які выклікае нашую сымпатыю?

Скандал вакол даносчыкаў не павінен засланіць найвялікшую ганьбу – тое, што «Сэкурытатэ» была прыладай тэрору ў руках камуністычнай дыктатуры. Даносчыкі працавалі на афіцэраў, тыя ж былі партыйнымі дзеячамі, адкамандзіраванымі ў тайную паліцыю. Гэткая змрочная інстытуцыя, як «Сэкурытатэ», грунтавалася на кантролі з боку Румынскай камуністычнай партыі. З усяго збору архіўных дакумэнтаў вынікае, што менавіта партыя мела ўладу над тайнай паліцыяй, а не наадварот. Усе злачынствы супраць чалавецтва ўчыняліся ў імя ідэалягічных наказаў, тыя ж вынікалі з утапічнага бачаньня, разьвіцьцю якога спрыяла Румынская камуністычная партыя. Студэнтаў і інтэлектуалаў перасьледваліся, беручы пад увагу патрэбы партыі, якая мела кантраляваць духоўнае жыцьцё і адбіць усялякую спаскусу крытыкі.

Сетка хлусьні

Ніхто ня будзе аспрэчваць, што ўжо час раскрыць дасье ўсіх цяперашніх кіраўнікоў дзяржавы і ўсіх палітыкаў. Нам патрэбная абсалютная празрыстасьць і поўная праўда. Цяперака сетка хлусьні ўсё больш душыць, мы блукаем у густай імгле, a стан маральнай разгубленасьці робіцца крыніцай цынізму, боязі і роспачы. У гэткай атмасфэры няпэўнасьці выдатна пачувае сябе папулізм і іншыя дэмагагічна‑аўтарытарныя спакусы. Дэмагогі ахвотна і без асаблівых высілкаў скарыстоўваюць такую сытуацыю дзеля ўласных згубных мэтаў. Пачуцьце меры На месцы тых, кім некалі захапляліся, мы сёньня бачым маральныя руіны. Адзін мой блізкі сябра, прафэсар гісторыі ў Цэнтральнаэўрапейскім унівэрсытэце ў Будапэшце і важная постаць у румынскай грамадзянскай супольнасьці, прызнаўся публічна, што на мяжы 70‑х і 80‑х гг. супрацоўнічаў з тайнай паліцыяй у якасьці даносчыка. Аднак ня ўсе супрацоўнічалі, ня ўсе верылі, што сыстэма будзе трываць вечна. Для мяне стукацтва альбо – як кажуць французы – délation – гэта справа глыбока непрыстойная. Уваходзіць у жыцьцё нейкага чалавека, каб пасьля, ня маючы на гэта ніякіх правоў, складаць пра яго данясеньне. Падпісаць абавязацельства на супрацоўніцтва – гэта грэх, але захоўваньне гэтага факту да ўласнага ведама толькі пагаршае справу. Шмат, аднак, залежыць ад таго, каму робяцца справаздачы. Даносчыкі працавалі з афіцэрамі, ня зь іншымі даносчыкамі. Выкрыцьці апошніх месяцаў і ўспышкі маральнай самазадаволенасьці, што спадарожнічалі ім, пагражаюць стратай пачуцьця меры. Адна справа агіда, а іншая – перакананьне, што мы маральна зганьбаваныя на вякі.

Дзьве «Сэкурытатэ»?

Кажучы коратка, маральная празрыстасьць патрэбная нам, як паветра і вада. Менавіта так павінен гучаць галоўны лёзунг цяперашніх дэбатаў: трэба пазьбягаць ўсялякага прыхарошваньня праўды, трэба мець адвагу і сьвядомасьць, што мінулае ня зьнікне. У Румыніі, гэтак жа як і ў іншых посткамуністычных краінах ранейшага савецкага блёку, мінулае ня ёсьць перагорнутай старонкай. «Сэкурытатэ» была злачыннай і тэрарыстычнай арганізацыяй з пачатку і да апошняга дня свайго існаваньня.

Надта часта мы чуем, што ў гісторыі «Сэкурытатэ» было два пэрыяды, i што сапраўды агідным быў першы, камінтэрнаўска‑камінформаўскі (1948‑64). У тыя часы, як кажуць, кіравалі «чужыя», г.зн. жыды і вугорцы. Чамусьці нікога не цікавіць, што міністрам унутраных спраў і найвышэйшым начальнікам «Сэкурытатэ» у 1952‑65 гг. быў румын Александру Драгічы, а ягоным папярэднікам, які ў 1952 г. стаўся ахвярай чысткі разам з Анай Паўкер, ‑ Тахару Гэоргэ, таксама румын.

Згодна з гэтай жа легендай, у другі пэрыяд (1965‑89) тайная паліцыя служыла нацыянальным інтарэсам. Прынамсі, так сьцьвярджаюць былыя афіцэры «Сэкурытатэ» і іх цяперашнія пасьлядоўнікі. Адным з вестуноў гэтай канцэпцыі зьяўляецца Карнэлію Вадзім Тудор, кіраўнік ксэнафобскай Партыі Вялікай Румыніі, былы кандыдат у прэзыдэнты, а ў свой час афіцыйны трубадур Чаўшэску i ягонай дыктатуры. Колькі месяцаў таму Тудор прадэманстраваў выключную фанабэрыю, адкрыта запрашаючы ўсіх былых супрацоўнікаў «Сэкурытатэ» у сваю партыю.

Год 2006: хітрыкі

Неабходна аказваць жорсткае супраціўленьне усё больш моцнаму нацыяналістычна‑шпегаўскаму дыскурсу, што рэабілітуе «патрыятычную» «Сэкурытатэ». Здушэньне бунту гарнякоў у Даліне Джыў у 1977 г., перасьлед Паўла Гомы i ягонага руху абароны правоў чалавека, разгон дэманстрацый у Брашаве ў лістападзе 1987 г., забойства інжынэра Гэоргэ Урсу, які правініўся адно тым, што ў асабістым дзёньніку пісаў пра шаленствы Чаўшэску, замахі на жыцьцё вядомых румынскіх эмігрантаў, расправы ў сьнежні 1989 г. – усё гэта неаспрэчна даказвае, што «Сэкурытатэ» была злачыннай арганізацыяй.

Адмаўляюць гэта людзі, для якіх выкрыцьцё камунізму як ладу, што грунтуецца на злачынствах супраць чалавецтва, уяўляе небясьпеку. Пра гэтыя злачынствы трэба памятаць без баязьлівасьці, якую дыктуе сорам.

Віна віне ня роўная

Трэба выслухаць з належнай пашанай голас пацярпелых. Калі б не даносчыкі, «Сэкурытатэ» не была б у стане функцыянаваць. Таму нам і патрэбныя паказаньні – дзеля таго, каб такія трагедыі больш не паўтарыліся і каб мы маглі глядзець у вочы нашым сябрам. Трэба захаваць спакой і задумацца, што мы зрабілі за апошнія 16 год. Правіннасьці бываюць рознымі, адказнасьць таксама.

Такім чынам, кіраўнікі камуністычнай партыі былі галоўнымі віноўнікамі румынскага тэрору, а яго выканаўцамі былі «Сэкурытатэ», кіраўніцтва замежнай разьведкі, а таксама міліцыя. Нядаўна аднаму з партыйных вэтэранаў, экс‑прэм’еру Манэску, споўнілася 90 год. Нацыяналісты зладзілі яму ўрачыстае сьвяткаваньне як вялікаму дзяржаўнаму дзеячу. У каго з нас гэтая сцэна выклікала агіду? Чаму ніхто гучна не запратэставаў? Ці ж мы былі гэтак занятыя выкрыцьцём дэмакратычных дзеячоў як былых даносчыкаў, што ўжо забыліся, хто сапраўдныя вінаватыя ў румынскай трагедыі?

Хвіліна праўды

Пішу пра гэтыя нюансы, каб падкрэсьліць, што віноўнікаў трэба абвінавачваць у адпаведнасьці зь іх сапраўднай адказнасьцю. Некаторыя супрацоўнічалі, а пасьля маўчалі ці зусім ігнаравалі значэньне гэтага супрацоўніцтва. Іх паводзіны вартыя жалю. Але гэта не яны аддавалі загады. Такія людзі, як той вышэйзгаданы былы прафэсар Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту, супрацоўнічалі пад ціскам шантажу ці ад вартага шкадаваньня апартунізму, былі вінцікамі пякельнай машыны, якую легітымізавалі іх уласныя гідкія кампрамісы і ганебныя капітуляцыі. Аднак сама інстытуцыя мела свае аддзелы і паддадзелы, адзінкі і пададзінкі.

Менавіта тым і была «Сэкурытатэ» (унутраная і замежная) – змрочнай інстытуцыяй, мэтай якой быў тэрор, кантроль, нагнятаньне страху. Як у краіне, так і ў колах палітычнай эміграцыі. Усе прыёмы былі ёй дазволеныя. Паўтарэньне гэтай праўды – грамадзянскі, палітычны і маральны абавязак. Адрозьненьне жыцьця ў праўдзе ад псэўдажыцьця ў хлусьні ‑ вялікая навука ўсходнеэўрапейскіх апазыцыянэраў. Час ужо, каб і ў Румыніі гэтая розьніца перастала быць пустым словам.

Ўладзімер Тысманяну – прафэсар паліталёгіі ўва Унівэрсытэце Мэрылэнд, аўтар кнігі «Stalinism for All Seasons: A Political History of Romanian Communism» [«Сталінізм на кожны сэзон. Палітычная гісторыя румынскага камунізму»] (University of California Press). У красавіку 2006 г. прэзыдэнт Траян Басеску прызначыў яго кіраўніком Прэзыдэнцкай камісіі па справах вывучэньня камуністычнай дыктатуры ў Румыніі. 600‑старонкавы заключны рапарт камісіі разам з заключэньнямі будзе прэзэнтаваны прэзыдэнтам Басеску на спэцыяльным паседжаньні румынскага парлямэнту 18 сьнежня 2006 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?