Пошукі зніклых у Гімалаях беларускіх альпіністаў прыпыненыя з-за недахопу сродкаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў член мінскага горнага клуба «Хан-Тэнгры» Аляксей Пушкоўскі.

Нагадаем, з 8 мая няма сувязі з двума вопытнымі беларускімі альпіністамі — Мікалаем Бандалетам і Сяргеем Сіўцом, членамі клуба «Хан-Тэнгры». Яны пакаралі адну з самых недаступных вяршыняў свету — Тулагі вышынёй 7.029 метраў у Непале. Дагэтуль узяць яе не ўдавалася ніводнаму чалавеку.

З 13 мая зніклых шукалі на верталёце. 15 мая на вышыні 6.300 м з верталёта была знойдзена палатка з рэчамі альпіністаў і ланцужок іх слядоў, што вялі на грэбень. Наземныя пошукі не ўдалося арганізаваць з-за дрэннага надвор`я. Па гэтай жа прычыне на далі вынікаў паўторныя вылеты верталёта.

Як паведаміў Пушкоўскі, цяпер арганізатары пошукаў вымушаныя вырашаць пытанне аплаты ўжо праведзеных работ. Для збору сродкаў на пошукава-ратавальныя работы адкрыты дабрачынныя рахункі, на якіх сабрана 17,5 тыс. долараў. Гэтых сродкаў хапае на аплату першых двух дзён пошукаў.

На аплату ўжо праведзеных пошукаў дадаткова спатрэбіцца каля 13 тыс. долараў.
Гадзіна працы верталёта з экіпажам каштуе 2,5 тысячы, аднак у сярэднім у дзень ўдавалася адлятаць тры гадзіны: па гадзіне займаў падлёт да гары і вяртанне ў Катманду.

Паводле слоў Пушкоўскага, існуюць таксама арганізацыйныя праблемы: не змаглі атрымаць каардынаты, на якіх апошні раз рэгістраваўся ў сетцы спадарожнікавы тэлефон альпіністаў, у рэгіёне захоўваецца дрэннае надвор`е, неабходна сабраць шмат дакументаў і даведак. Аднак надзея знайсці сяброў у арганізатараў пошукаў яшчэ засталася, яны спадзяюцца на вырашэнне праблем.

Нагадаем, дабрачынныя рахункі для збору сродкаў на пошукі альпіністаў адкрытыя ў філіяле № 503 ААТ «АА «Беларусбанк» у Мінску па вул. Ангарская, 40. УНП 100151342, код банка 608.

У беларускіх рублях: № 000012 (транзітны рахунак № 3819382103071 — указваецца пры пераводзе сродкаў юрасобамі). Атрымальнік: Фралова Таццяна Андрэеўна.

У доларах ЗША: № 000095 (транзітны рахунак № 3819382106775 — указваецца пры пераводзе сродкаў юрасобамі). Атрымальнік: Фралова Таццяна Андрэеўна.

У еўра: № 000006 (транзітны рахунак № 3819382106775 — указваецца пры пераводзе сродкаў юрасобамі). Атрымальнік: Фралова Таццяна Андрэеўна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?