Расследаванне пранікнення групы маладых людзей уначы ў будынак мінскага метро знаходзіцца ў завяршальнай стадыі.
Пра гэта сёння паведаміў журналістам у Палаце прадстаўнікоў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі. Ён патлумачыў, што супрацоўнікі праваахоўных органаў нясуць дзяжурства ў метро круглыя суткі. І як сведчыць расследаванне, у той момант, калі маладыя людзі ўвайшлі ў метро, супрацоўнік міліцыі знаходзіўся на гэтай жа станцыі, але на супрацьлеглым уваходзе.
«Кіраўніцтва МУС не будзе заводзіць ніякіх спраў супраць маладых людзей, — паведаміў Пякарскі. —
Наадварот, мы хочам нейкім спосабам заахвоціць іх. Магчыма, гэта будзе каштоўны падарунак ці нешта іншае.Што канкрэтна — вырашыць міністр», — паведаміў Пякарскі.
Што тычыцца «зняцця пагон», пра якія казаў Лукашэнка, то Пякарскі сказаў, што гэта яго права. Мы перададзім яму канчатковы і поўны варыянт расследавання, а як ён вырашыць, так і будзе.
Нагадаем, 31 мая начальнік Мінскага метрапалітэна Мікалай Андрэеў быў вызвалены ад займанай пасады.