Сітуацыя з насычэннем магазінаў спажывецкімі таварамі паступова стабілізуецца, паведаміў сёння журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон.

Як праінфармаваў старшыня КДК, на працягу двух сутак ён знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе ў асноўным «вывучаў пытанні, як выконваецца даручэнне Прэзідэнта па насычэнню спажывецкага рынку і па цэнах, каб яны не павялічваліся ад таго, што ўжо было сфарміравана пры новым курсе беларускага рубля». Усе праверачныя мерапрыемствы, якія былі праведзены, сведчаць, што ў цэлым гэта патрабаванне вытрымліваецца. Гандлёвыя надбаўкі ў магазінах Мінска і затым ва ўсіх абласцях зменшаны. «Сітуацыя, асабліва на харчовым рынку, сёння не выклікае якіх-небудзь хваляванняў, праблем там, фактычна, няма. Акрамя некаторай бесталкоўшчыны ў асобных выпадках з боку некаторых работнікаў гандлю, што не звязана з фактарамі пастаўкі прадукцыі і цэнаўтварэння», — сказаў Аляксандр Якабсон.

«Некаторая неразбярыха», паводле слоў старшыні КДК, ёсць у насычэнні рынку прамысловымі таварамі, у прыватнасці складанай бытавой тэхнікай. Напрыклад, не ва ўсіх сельскіх раёнах у крамах ёсць увесь асартыментны пералік.

Асаблівую ўвагу Аляксандр Якабсон звярнуў на тое, што не ўсе магазіны забяспечваюць разнастайнасць харчовых тавараў. На думку старшыні КДК, у продажы павінны быць не проста малако, а малако некалькіх відаў, каб розныя групы насельніцтва маглі зрабіць выбар. Тое ж самае датычыцца мясных прадуктаў, сярод якіх у магазіне павінны быць і больш танныя каўбасы і субпрадукты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?