Свае канцэрты ў Мінску адыгралі сусветныя знакамітасці — Шакіра, Крыс дэ Бург, Корн, ідзе актыўная падрыхтоўка да канцэрту Стынга ў Вільні, якому так і не наканавана было парадаваць беларусаў у Мінску. А вось далейшыя планы канцэртных агенцтваў, як і агенцтваў святочных, пад вялікім пытаннем.

TUT.by вырашыў высветліць, ці пачалі беларусы эканоміць на забавах і як выжываюць цяпер тыя, хто гэтыя забавы ім арганізоўвае.

Агенцтвы працуюць не на прыбытак, а на імя

Як расказаў Андрэй Аляксееў, дырэктар «Карпарацыі забаваў», якая цяпер рыхтуецца да прыезду ў Мінск Moby, цяпер дзейнасць шматлікіх канцэртных агенцтваў у сувязі з крызісам проста паралізаваная. І нават не таму, што трэба шукаць валюту на ганарары зоркам, а праз сумнеўную плацежаздольнасць саміх беларусаў. Арганізатары нават падумвалі пра адмену канцэрту Moby, але ён усё ж адбудзецца, бо сілаў у арганізацыю канцэрту ўкладзена нямала, ды і ствараць Беларусі негатыўны імідж на Захадзе не хочацца. Акрамя таго, квіткі ў апошнія 2–3 тыдні, па словах дырэктара агенцтва, пачалі актыўна раскупляцца.

Дык усё-ткі ці будуць беларусы, як і раней, шукаць «відовішчаў», нягледзячы на крызіс, ці ім давядзецца засяродзіцца толькі на пошуках сродкаў для пакупкі «хлеба»?

«Пакуль мы яшчэ працуем у тым жа рэжыме, што і да крызісу: квіткі прадаюцца нармальна і па старых цэнах, таму што мерапрыемствы, якія рыхтуюцца цяпер, напрыклад, канцэрт Moby, былі запланаваныя загадзя, — кажа Андрэй Аляксееў. — Але вось мэты зарабіць у нашага бізнэсу цяпер няма. Агенцтва, якое не жадае сыходзіць з рынку, як гэта ўжо адбылося з 3–4 буйнымі беларускімі агенцтвамі, у першую чаргу мусіць выконваць дамоўленасці, інакш хто з намі захоча потым працаваць?»

Пры гэтым, адзначыў ён, усе дамовы з артыстамі іх агенцтва цяпер складае ў беларускіх рублях.

«У нас добрыя партнёры, якія ўвайшлі ў нашую складаную валютную сітуацыю. Але непасрэдна выплатай ганарараў займаюцца агенты, і праблема таго, як яны будуць разлічвацца з артыстамі, — на іх плячах. Але пры жаданні заўсёды можна дамовіцца, — падкрэсліў ён. — У 70-80-х гадах сусветныя зоркі Rolling Stones запланавалі канцэрт у Польшчы, хоць на той момант у краінах Варшаўскай дамовы купіць валюту было таксама немагчыма, як і ў нас цяпер. І нічога, хлопцы прыехалі, таму што ведалі, што ў Польшчы вельмі шмат прыхільнікаў іх творчасці, і ганарар ім выплацілі злотымі, якія яны там жа, у Польшчы, і патрацілі. Не ведаю, колькі скрыняў гарэлкі яны за гэтыя грошы купілі і вывезлі, але канцэрт адбыўся і ўсе былі задаволеныя».

Для спажыўцоў жа, лічыць А. Аляксееў, наведванне канцэртаў цяпер, наадварот, нават выгаднае, бо цэны засталіся ранейшымі, а ў даляравым эквіваленце нават упалі ў 1,5–2 разы. Так, калі да дэвальвацыі квіток на Moby у сярэднім каштаваў 50–60 даляраў, то цяпер — 20–30.

Не здолелі арганізатаы зарабіць і на нядаўнім канцэрце папулярнай групы Korn, нават нягледзячы на тое, што прыйшло на канцэрт прыкладна столькі чалавек, колькі арганізатары і планавалі. Як расказаў TUT.by арганізатар канцэрту Віталь Супрановіч, Korn так і не акупіўся. Паводле яго словаў, ганарары замежныя зоркі выстаўляюць часцей за ўсё ў валюце і, больш за тое, дамаўляцца з імі трэба за некалькі месяцаў, а то і за год.

У той жа час, адзначае Віталь, крызіс закрануў і фундатараў. Так, для канцэрту Korn арганізатары так і не змаглі знайсці генеральнага фундатара.

Як расказаў Аляксандр Бусько, дырэктар канцэртнага агенцтва «Allstars», якое нядаўна з поўным аншлагам правяло канцэрт Шакіры і рыхтуе выступ Стынга ў Вільні, найбліжэйшым часам агенцтва «ўключыць паўзу» і пачакае яснасці ў эканоміцы для працягу дзейнасці.

«Цяпер немагчыма прагназаваць ні курс даляра, ні стаўку арэнднай платы за пляцоўкі, ні здольнасць насельніцтва купляць квіткі. Цяпер людзі ўсё роўна нікуды не пойдуць, якія б цэны мы ні ставілі, — кажа ён. — Планы на будучыню пакуль ёсць, але па тым, якім чынам будзе развівацца сітуацыя ў краіне, будзе зразумела, будзем мы арганізоўваць канцэрты ў Беларусі ці за мяжой».

Дарэчы, паводле яго слоўва, ахвотных паехаць на Стынга ў Вільню даволі шмат. Паводле прагнозаў арганізатараў, канцэрт наведаюць каля 1,5 тыс. беларусаў. І цэны там, дарэчы, у 2–3 разы ніжэйшыя, чым яны былі б у Беларусі.

Як расказаў Вадзім Кудрашоў, дырэктар агенцтва «JetSounds», якое нядаўна арганізоўвала маштабнае мерапрыемства Mayday Belarus, на самім працэсе арганізацыі мерапрыемстваў крызіс не адбіўся, а вось на попыце на забавы — яшчэ як!

«Гэта відаць па паўпустых тумбах Мінгардаведкі, якія раней стракацелі ад афіш, а таксама па шэрагу адменаў канцэртаў — Томас Андэрс, Стынг, — кажа ён. — Шэраг праектаў, якія мы збіраліся рэалізоўваць цягам гэтага года, нам таксама давялося прыпыніць да лепшых часоў. Але калі казаць пра апошняе мерапрыемства Mayday Belarus, скажу наўпрост: намі было прынятае валявое рашэнне не падымаць цэны, каб кожны ахвотны мог дазволіць сабе набыць квіток на наш фестываль, які, на шчасце, мы рэалізавалі так, як і было задумана».

А вось праграму будучага open air фестывалю «Космас наш», які хутка адбудзецца, давялося крыху падкарэктаваць. Як расказаў Вадзім Кудрашоў, было прынятае рашэнне разумна абмежаваць колькасць замежных гасцей і аддаць месцы, якія вызваліліся, беларускім артыстам, якім, паводле яго словаў, цяпер даецца выдатная магчымасць адыграць з зоркамі сусветнай электроннай сцэны.

Дарэчы, пра магчымасць пачаць больш цеснае супрацоўніцтва менавіта з беларускімі гуртамі кажа і Віталь Супрановіч, бо, паводле яго словаў, з імі можна хаця б дамаўляцца пра ганарары ў беларускіх рублях.

Беларускія артысты да крызісу… не гатовыя

Але як выявілася, далёка не ўсе беларускія «зоркі» насамрэч гатовыя дамаўляцца на ганарар у беларускіх зайчыках.

Як адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам TUT.by дырэктар «Святочнага бюро Ларысы Грыбалёвай» Ларыса Грыбалёва, якой даволі часта даводзіцца супрацоўнічаць з беларускімі зоркамі ў межах карпаратыўных мерапрыемстваў, беларускія артысты маральна да крызісу «пакуль яшчэ не падрыхтаваліся».

«Яны прывыклі жыць на шырокую нагу і па-ранейшаму хочуць атрымліваць ганарары ў валюце. Артыст, які раней за карпаратыў зарабляў 100 даляраў, цяпер хоча тысячу.
Нават у крызіс, разумеючы, што ў людзей і так няма грошай, яны не запытваюць менш, хоць сітуацыя такая, што трэба скідаць цану, — кажа Ларыса Грыбалёва. — Яны, на жаль, пакуль не разумеюць, што адбылося ў краіне і што ім трэба трохі перабудоўвацца ў сваёй працы, бо ў арганізацыі любога свята ёсць пазіцыі, на якіх нельга зэканоміць, а ёсць тыя, на якіх можна. І калі людзі пачнуць эканоміць, то на зорках — у першую чаргу! Ім прасцей будзе запрасіць музыкаў, які будзе граць увесь вечар, чым плаціць вар’яцкія грошы за паўгадзінны выступ зоркі».
Паводле яе словаў, хто цяпер хутка зрэагуе, той і будзе нармальна зарабляць.

«У цяперашняй сітуацыі ёсць свой плюс: „адпачкуецца“ ў тым ліку і незразумелая куча святочных агенцтваў, на плыву застануцца толькі самыя моцныя, — кажа спявачка. — Каб выжыць, трэба перастаць думаць валютай, бо па сутнасці арганізатарам святаў вельмі не патрэбныя валютныя затраты».

З ёй салідарны і дырэктар «Карпарацыі забаваў» Андрэй Аляксееў: на яго думку, цяперашні крызіс — гэта добрая праверка на ўстойлівасць бізнэсу для ўсіх удзельнікаў рынку. «Заўсёды ёсць мільярды спосабаў працягнуць працу, можа, нават пераарыентаваць дзейнасць. Галоўнае — працаваць у адпаведнасці з тым, што цяпер трэба на рынку», — падкрэслівае ён.

Дык якія відовішчы цяпер патрэбныя беларусам?

Як расказала Ларыса Грыбалёва, яе агенцтва заўсёды акцэнтавала сваю дзейнасць на арганізацыі карпаратываў для кампаній малога бізнэсу, але, паколькі яны цяпер пакутуюць ад крызісу ледзь не больш за ўсіх, карпаратывы амаль не арганізоўваюцца. Хоць, адзначае яна, агенцтва мае намер змагацца за свайго карпаратыўнага кліента і ў найбліжэйшых планах — падрыхтаваць адэкватную антыкрызісную прапанову.

«Калі надыходзяць цяжкія часы, любы чалавек пачынае, як ні дзіўна, больш клапаціцца пра сваіх блізкіх. Напрыклад, людзі пачынаюць дарыць адно аднаму цікавыя падарункі, рабіць святы і сюрпрызы, — кажа Ларыса. — Таму цяпер нашае агенцтва робіць акцэнт менавіта на прыватных святах: на вяселлях, дзіцячых святах, днях нараджэння. Можна зрабіць свята на любы бюджэт, неабавязкова на гэта марнаваць шмат: вы нам скажыце, колькі вы можаце выдаткаваць, і мы вам зробім цікавае свята. Ідэя цяпер нашмат важнейшая, чым яе напаўненне " .

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?