Урад Злучаных Штатаў Амерыкі не будзе весці торг вакол палітычных зняволеных, заявіў у інтэрв’ю БелаПАН часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

Ён падкрэсліў, што ў гэтым пытанні пазіцыя ЗША «вельмі дакладная і ясная — вызваленне ўсіх палітзняволеных, зняцце з іх усіх абвінавачанняў і адмена ўсіх прыгавораў».

Каментуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі аб магчымасці вызвалення тых, каго судзяць у сувязі з падзеямі 19 снежня, Скэнлан сказаў: «Перш за ўсё, наколькі я зразумеў з гэтай заявы, кажучы пра „гэтак званых палітзняволеных“, Лукашэнка падразумяваў толькі экс-кандыдатаў у прэзідэнты.

Калі мы кажам пра палітзняволеных у Беларусі, мы маем на ўвазе прыблізна 50 чалавек, якім прад’явілі абвінавачанні ў сувязі з падзеямі 19 снежня і большасць з якіх ужо асуджаны».

Скэнлан нагадаў пра зробленую 27 мая заяву Барака Абамы. Прэзідэнт ЗША, у прыватнасці, заявіў: «Прытрымліваючыся нашых каштоўнасцяў і прынцыпаў, урад Злучаных Штатаў

будзе ўводзіць новыя санкцыі ў дачыненні да асобных беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у дапаўненне да санкцый, візавых абмежаванняў і замарожвання актываў, абвешчаных 31 студзеня.
Гэтыя меры скіраваны супраць асоб, адказных за рэпрэсіі…»

«Наша палітыка была, ёсць і будзе заставацца такой», — падкрэсліў Скэнлан.

Паводле слоў амерыканскага дыпламата, суды па справе аб масавых беспарадках сталі яшчэ адным крокам да самаізаляцыі Беларусі.

«Гэтыя судовыя працэсы з’яўляюцца палітычнымі і наогул не павінны былі мець месца, — падкрэсліў ён. — ЗША, ЕС і Расія публічна заклікалі да неадкладнага вызвалення і зняцця абвінавачанняў з усіх тых, каго затрымалі ў сувязі з падзеямі 19 снежня. Мы глыбока перажываем, што палітычныя зняволеныя ў Беларусі з’яўляюцца рэальнасцю».

Як мяркуе часовы павераны, ёсць небяспека таго, што ў будучыні дастойныя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта могуць вырашыць не браць удзел у выбарах, калі будуць ведаць, што гэта можа прывесці іх у турму.

Скэнлана ўразіла

«вялікая неадпаведнасць паміж паказаннямі сведак, якія былі на карысць абвінавачваных, і прыгаворамі, у якіх яны былі прызнаныя вінаватымі».
«Напрыклад, многія міліцыянеры, якія давалі паказанні, не маглі нават апазнаць абвінавачваных. Гэтая супярэчнасць не знайшла адлюстравання і ў дзяржаўных СМІ. Асвятленне працэсаў у дзяржСМІ не было аб’ектыўным», — падкрэсліў дыпламат.

Тым часам 3 чэрвеня на нарадзе па пытаннях удасканалення дзейнасці судоў Аляксандр Лукашэнка заявіў: судовыя працэсы над арганізатарамі і ўдзельнікамі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня прайшлі ў поўнай адпаведнасці з законам і вінаватыя панеслі заслужанае пакаранне.

«Нягледзячы на каласальны націск звонку, суддзямі былі кваліфікавана і правільна, у поўнай адпаведнасці з законам праведзены працэсы над арганізатарамі масавых беспарадкаў і пагромшчыкамі Дома ўрада», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?