Урад прымае тэрміновыя меры па стабілізацыі эканомікі, заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас 3 чэрвеня на пасяджэнні Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаннях.

На нечарговым пасяджэнні трохбаковай рады абмяркоўваецца ход выканання Генеральнага пагаднення паміж урадам, наймальнікамі, прафсаюзамі на 2011–2013 гады, а таксама актуальныя эканамічныя праблемы.

«Улічваючы няпростае становішча ў эканоміцы, урад сур’ёзна занепакоены прыняццем тэрміновых і неадкладных мер па выхадзе з наяўнай сітуацыі. — Нам неабходна абмеркаваць меры па стабілізацыі як у цэлым у эканоміцы, гэтак і на спажывецкім і валютным рынках у прыватнасці», — паведамляе БелаПАН.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур паведаміў, што падрыхтаваны праект указа прэзідэнта, скіраваны на стрымліванне росту цэн.

Таксама Тур прызнаў, што Беларусь заняла адно з першых месцаў у свеце па маштабах дэвальвацыі.

«Такая дэвальвацыя, як у нас, за дваццаць гадоў была толькі ў адной дзяржаве. Гэта другі выпадак у сусветнай эканоміцы — заявіў Тур, не ўдакладніўшы, аб якой краіне ідзе гаворка».

Паводле міністра, з канца першага квартала эканоміка Беларусі перанесла «два найцяжкія шокі»: рэзкі рост кошту імпарту энергарэсурсаў і дэвальвацыю нацыянальнай валюты на 56 працэнтаў у адносінах да даляра.

Сяргей Румас, у сваю чаргу, заявіў, што беларускія ўлады маюць намер цалкам стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку на працягу бліжэйшых 10–14 дзён.

«На працягу 10–14 дзён сітуацыя вырашыцца цалкам», — сказаў С. Румас журналістам у пятніцу ў Менску, каментуючы па просьбе агенцтва «Інтэрфакс-Захад» чаканыя тэрміны пераадолення валютнага крызісу.

Паводле яго слоў «ёсць узгодненая з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС матрыца дзеянняў. «Прэм’ер паставіў задачу распісаць літаральна па днях меры, што прымаюцца сумесна з Нацбанкам, на валютным рынку», — сказаў віцэ-прэм’ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0