Ва ўрочышчы Глінішча пад Бабруйскам 3–5 чэрвеня праходзіць міжнародны мотафестываль «Ваўчыныя сцежкі».

Як паведаміў адзін з арганізатараў, кіраўнік бабруйскага мотаклуба «Начныя ваўкі» Арман Жанайдараў, адна з мэтаў фестывалю — прыцягнуць увагу ўлад і грамадскасці да экстрэмальных відаў спорту, «паказаць, што людзі, якія імі цікавяцца, — гэта досыць вялікая праслойка нашага грамадства».

Паводле слоў арганізатараў мерапрыемства, у ім бяруць удзел каля 10 тысяч чалавек — з усіх абласцей Беларусі, Прыбалтыкі, Украіны, Расіі. У праграме фестывалю — канцэрт, баі без правілаў паміж камандамі Беларусі і Украіны, спаборніцтвы па кантры-кросе, джып-батле, водна-маторным спорце, мотаквадракросе. «Упершыню ў Магілёўскай вобласці пройдуць спаборніцтвы па аўтакросе», — паведаміў Жанайдараў.

Ён адзначыў, што ўдзельнікі фестывалю — гэта не аматары, а «дзейныя спартсмены, якія выступаюць і на еўрапейскіх спаборніцтвах, і на рэспубліканскіх, уваходзяць у склады розных каманд». Пераможцы спаборніцтваў будуць узнагароджаны дыпломамі, кубкамі, каштоўнымі падарункамі.

Разам з тым Жанайдараў указаў на рознага роду складанасці, якія ўзнікалі пры падрыхтоўцы фестывалю. «Чым бліжэй падыходзілі да фестывалю, тым усё было складаней. Эканамічная сітуацыя ў першую чаргу і неразуменне такіх фестываляў з боку выканаўчай улады. Гэта нетрадыцыйны ў нас яшчэ фестываль. Тэхнічныя віды спорту, тэхнічныя віды творчасці ў нас слаба развітыя, — сказаў Жанайдараў. — Яшчэ ёсць людзі, якія сядзяць з часоў Савецкага Саюза і жывуць па прынцыпе: хай нічога не адбываецца, тады нічога і не адбудзецца».

Пры гэтым Жанайдараў адзначыў, што Бабруйскі райвыканкам даў на фестываль тэхніку, а гарвыканкам выдзеліў ахову.

Паводле яго слоў, у наступным годзе, калі будзе падтрымка з боку дзяржавы, праграма фестывалю будзе пашырана. «Ёсць такія рэчы, як маўнтынбайк, скейтбардысты. Гэта маладзёжныя субкультуры, якія трэба развіваць, каб потым мець здаровую праслойку грамадства», — упэўнены кіраўнік бабруйскага мотаклуба «Начныя ваўкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?