«Мы будзем да апошняй секунды змагацца за чэмпіянат Еўропы», — заявіў галоўны трэнер беларускай футбольнай зборнай Бернд Штанге на прэс-канферэнцыі пасля заканчэння адборачнага матчу з камандай Францыі (1:1).

«У нас была складаная зыходная пазіцыя, але на карысць нас было тое, што ўсё было супраць нас. Мы выкарысталі гэту сітуацыю, — сказаў Штанге. — Мы імкнуліся з першай хвіліны атакаваць французаў. Мы павялі ў ліку заслужана, але хутка прапусцілі мяч у адказ».

Паводле слоў трэнера, каманда спрабавала трымаць высокі тэмп, аднак у другім тайме фізічна здала і сапернік дамінаваў. «Адзінай задачай пасля перапынку было гуляць больш спакойна, з паўзамі», — адзначыў Штанге.

Між тым першую замену ён зрабіў толькі на 86-й хвіліне. Трэнер растлумачыў гэта тым, што не хацеў умешвацца ў ход гульні: футбалісты паспяхова ўтрымлівалі нічыю. «Мы чакалі магчымасць зрабіць замены ў тактычных мэтах. У канцы кожная секунда была на ўліку», — заявіў Штанге.

Трэнер таксама растлумачыў, чаму паставіў у вароты Сяргея Верамко, а не Юрыя Жаўнова:
«Ён быў лепшым гульцом у Албаніі, і калі б я яго памяняў, то страціў бы давер каманды. Жаўноў жа трэніраваўся толькі чатыры дні пасля доўгага аднаўлення. Трэба было паберагчы капітана і лепшага футбаліста года. На шчасце, у нас ёсць два-тры добрыя варатары».

«Чатыры ачкі ў матчах з вялікай нацыяй — выдатны вынік для нас, — заявіў нямецкі спецыяліст. — Думаю, французская зборная гуляла сёння вельмі добра. Футбол у яе выкананні для мяне ўзор. У ёй былі сабраны ўсе наймацнейшыя гульцы, але нам удалося добра гэтаму супрацьстаяць».

«Мы, вядома, ганарымся,

але гэты вынік набудзе сапраўдную каштоўнасць, калі мы выйграем у Люксембурга», — падкрэсліў Штанге.

Ён выказаў упэўненасць, што каманда зможа аднавіцца да гэтага матчу, які пройдзе 7 чэрвеня. Паводле слоў Штанге, Люксембург — вельмі непрыемны сапернік, гуляючы з якім, трэба праявіць цярпенне. У гасцях (8 кастрычніка мінулага года) беларуская каманда здаволілася нулявой нічыёй, а нападаючы Сяргей Карніленка быў выдалены з поля. Яго дыскваліфікацыя завяршылася толькі пасля матчу з Францыяй.

Матч Беларусь — Люксембург пройдзе ў аўторак, 7 чэрвеня. Пачатак, а 20-й. Кошт білетаў ад 5 тыс. да 30 тыс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?