Міністр культуры Беларусі паабяцаў аддаць апошняе, але знайсці грошы на правядзенне Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах. Правядзенне яго запланавана на 4 верасня гэтага года.
Днямі ў Ганцавіцкім райвыканкаме прайшло паседжанне Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства. Панаехала шмат чыноўнікаў — міністр культуры Павел Латушка, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, а таксама прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў.
Як піша газета «Ганцавіцкі час», чыноўніцкая дэлегацыя «абышла ўсе аб’екты ў цэнтры горада, ад музея да кінатэатра, уздоўж якіх будзе абсталявана алея пісьменства».
«Амаль каля кожнага аб’екта вялася гаворка аб недахопе сродкаў на рэканструкцыю,
— распавядае «Ганцавіцкі час». — Па словах старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Уладзіміра Столяра, першапачатковыя планы прадугледжвалі затраты на 232 млрд рублёў, але ў свеце апошніх падзей плануецца ўпарадкаванне меншай колькасці аб’ектаў, чым было меркавалася, і на гэта патрэбна 92 млрд рублёў. Выдзелена пакуль толькі 45 мільярдаў, рэшту трэба знайсці».
Міністр культуры Павел Латушка, у якога папрасілі выдзеліць сродкі на рамонт раённага краязнаўчага музея, адказаў:
«Без штаноў застануся, але грошы на Дзень пісьменства знайду».
Што ж, пабачым, у якіх штанах Латушка восенню паедзе ў Ганцавічы.