У Беларусі зафіксаваны значны рост выяўленай шкоды, нанесенай краіне карупцыйнымі злачынствамі. За першыя чатыры месяцы 2011 года чыноўнікі выкралі з бюджэту на 7 мільярдаў рублёў больш, чым за аналагічны перыяд 2010 года.

Паводле дадзеных Генеральнай пракуратуры, за студзень-красавік 2010 года органамі папярэдняга расследавання Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства ўнутраных справаў, КДБ і пракуратуры была выяўленая шкода ад карупцыйных злачынстваў на суму 10,5 млрд рублёў. Але за аналагічны перыяд 2011 года праваахоўнымі органамі Беларусі быў зафіксаваны значны рост шкоды, нанесенай карупцыйнымі чыноўнікамі.

Так, за студзень-красавік 2011 г. следчымі была выяўленая шкода ад карупцыйных злачынстваў ужо на суму 17,9 млрд рублёў, гэта значыць, на 70% больш за ўзровень аналагічнага перыяду 2010 года. Пры гэтым толькі маёмасці карупцыйных чыноўнікаў за гэты ж перыяд было арыштавана на 15,6 мільярдаў рублёў, што ў 3 (!) разы больш, чым у 2010 годзе.

На думку экспертаў, часткова такі значны рост фінансавага ўзроўню карупцыі можна аднесці на больш эфектыўную работу следчага апарату МУС, пракуратуры і ДФР КДК. У КДБ, які Лукашэнка ў мінулым годзе высунуў на самыя перадавыя пазіцыі ў барацьбе з карупцыяй, паказчык выяўленай шкоды прадажнымі чыноўнікамі, наадварот, цяпер ніжэйшы, чым у 2010 годзе. Лідарам стала МУС, якое ўсталявала своеасаблівы рэкорд — 14,7 мільярдаў рублёў выяўленай шкоды ад карупцыйных злачынстваў і 12 мільярдаў рублёў арыштаванай маёмасці карупцыянераў (супраць 8 і 4,3 мільярдаў рублёў адпаведна за аналагічны перыяд 2010 года).

Аднак на эфектыўнасць работы праваахоўных органаў

можна ад сілы аднесці ад сілы 30% росту фінансавага ўзроўню карупцыі.
Гэта і актыўная праца МУС па тэндарах, якія амаль тры гады ніхто не чапаў, і грунтоўнае вывучэнне сферы будаўніцтва, пачынаючы ад саміх будаўнічых пляцовак і заканчваючы працай чыноўнікаў у выканаўчай вертыкалі.

Але аб’ектыўна, прызнаюцца эксперты,

і беларускія чыноўнікі пачалі красці значна больш, асабліва бюджэтных сродкаў, што накіроўваюцца на рэалізацыю дзяржаўных праграм.
Вядома, выяўленая следствам шкода ад карупцыйных злачынстваў была нанесеныя зусім не ў пачатку 2011 года, а значна раней. Проста ў студзені-красавіку яе выявілі і зафіксавалі. Але сам факт такога значнага росту прымушае задумацца над тым, што ў арганізацыі працы беларускіх чыноўнікаў і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў адбыўся збой. Здаецца, і кантралююць жорстка, і саджаюць нягледзячы на асобы, як загадаў прэзідэнт, — дык не, крадуць усё больш і больш. Не дапамагае ні Закон «Аб барацьбе з карупцыяй», ні іншыя дакументы, ні прафілактычная палітінфармацыя.

Радуе толькі, што праваахоўныя органы пачалі больш эфектыўна дзейнічаць, выяўляючы і канфіскуючы маёмасць карупцыянераў з мэтай пакрыцця нанесенай імі шкоды. Калі за студзень-красавік 2010 года намаганнямі папярэдняга расследавання было кампенсавана толькі 49,8% нанесенай карупцыянерамі шкоды, то за аналагічны перыяд 2011 года — ужо 86,%, гэта значыць, амаль у два разы больш. У асноўным гэтага ўдалося дасягнуць за кошт больш эфектыўнай работы па выяўленні маёмасці карупцыянераў, у тым ліку аформленай на сваякоў і нават на зусім пабочных асобаў. Калі ў студзені-красавіку 2010 года на стадыі папярэдняга расследавання атрымалася накласці арышт на такую маёмасць у суме 5,2 мільярда рублёў, то за аналагічны перыяд 2011 года — 15,6 мільярда рублёў. Пры гэтым ужо ў траўні Генеральная пракуратура ініцыявала ўнясенне зменаў у Крымінальны кодэкс, якія дазволяць яшчэ больш павысіць узровень кампенсацыі шкоды ад учыненых злачынстваў. Шкада толькі, што імідж краіны ніякімі кампенсацыямі не аднавіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?