Савет міністраў 3 чэрвеня 2011 года прыняў пастанову № 704 «Аб некаторых пытаннях пераацэнкі маёмасці і абавязацельстваў у замежнай валюце», паведаміла прэс-служба ўрада.

У мэтах удакладнення парадку адлюстравання ў бухгалтарскім уліку расходаў, што ўзнікаюць у суб’ектаў гаспадарання ў сувязі з купляй замежнай валюты для правядзення разлікаў, а таксама курсавых розніц, звязаных з пераацэнкай абавязацельстваў у замежнай валюце, пастановай № 704 прадугледжваецца магчымасць для камерцыйных арганізацый адносіць расходы, звязаныя з купляй замежнай валюты, на кошт сыравіны, матэрыялаў і іншых тавараў, якія набываюцца з яе выкарыстаннем, што дазволіць адлюстроўваць у бухгалтарскім уліку іх кошт па рэальнай цане набыцця і фарміраваць на гэтай аснове рэальныя фінансавыя вынікі.

Гэтая норма носіць удакладняльны характар, паколькі ў адпаведнасці з дзейным парадкам адлюстравання ў бухгалтарскім уліку названых расходаў яны таксама адносяцца на сабекошт прадукцыі і затраты, якія ўлічваюцца пры падаткаабкладанні. Аднак гэта ажыццяўляецца аднамомантна, што можа прывесці да стратнасці арганізацый і зніжэння паступленняў у бюджэт.

Пры гэтым, паколькі названая норма накіраваная на ўрэгуляванне парадку адлюстравання ў бухгалтарскім уліку названых расходаў ва ўмовах множнасці курсу беларускага рубля да замежных валют, яе дзеянне распаўсюджана на перыяд з 1 красавіка 2011 года, што накіравана на паляпшэнне прававога становішча суб’ектаў гаспадарання.

Акрамя таго, з мэтамі недапушчэння стратнасці камерцыйных арганізацый, якія маюць крэдыторскую запазычанасць, выражаную ў замежнай валюце, пастановай № 704 дазволена адносіць розніцы, што ўзнікаюць пры пераацэнцы маёмасці і абавязацельстваў у замежнай валюце пры змяненні афіцыйнага курсу беларускага рубля, на расходы будучых перыядаў з наступным спісаннем на пазарэалізацыйныя расходы.

Адносна дэбіторскай запазычанасці камерцыйным арганізацыям дадзена права адносіць розніцы, што ўзнікаюць ад пераацэнкі дэбіторскай запазычанасці, выражанай у замежнай валюце, на даходы будучых перыядаў з наступным іх спісаннем на пазарэалізацыйныя даходы.

Пры гэтым права на ўстанаўленне парадку і тэрмінаў аднясення розніцы, што ўзнікае пры пераацэнцы маёмасці і абавязацельстваў у замежнай валюце, на расходы (даходы) будучых перыядаў у мэтах недапушчэння стратнасці арганізацый даецца непасрэдна іх кіраўнікам зыходзячы з рэальнага фінансавага становішча кожнай арганізацыі. Пры гэтым устанаўліваецца гранічны тэрмін іх аднясення на фінансавыя вынікі не пазней чым 31 снежня 2014 года.

Такі падыход дазволіць выключыць залішні аднамомантны падатковы націск на арганізацыі і пры гэтым не прывядзе да памяншэння падатковых абавязацельстваў перад бюджэтам, лічаць ва ўрадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?