У Беларусі ўвядуць меры для абароны «спажывецкага рынку ад неабгрунтаванага вывазу тавараў за мяжу». Аб гэтым сёння паведаміў дзяржаўны сакратар Рады Бяспекі Леанід Мальцаў.

Са словаў Мальцава, цэны ў сумежных краінах на сацыяльна значныя тавары вышэй. «Асобныя нядобрасумленныя людзі спрабуюць на гэтых праблемах нажывацца. Таму цяпер адпрацоўваецца сістэма мер па абароне спажывецкага рынку, у тым ліку і ад неабгрунтаванага вывазу тавараў за мяжу», — сказаў Мальцаў.

Праблемы «не павінны быць нагодай для асобных людзей, каб на гэтых праблемах спрабаваць вырашыць нейкія пытанні свайго дабрабыту», — выказаўся ён.

Дзяржсакратар Рады бяспекі таксама ўдакладніў, што планаваныя меры будуць часовымі: «Сістэма будзе мяняцца ў залежнасці ад змены сітуацыі на рынку».

У якасці адной з найбольш вострых праблем ён узгадаў сітуацыю, звязаную з вывазам паліва з Беларусі. «Калі ён [бензін] у нас таннейшы, то выязджаеш за мяжу — заплаці гэтую розніцу», — адзначыў Леанід Мальцаў, кажучы аб магчымых варыянтах вырашэння гэтай праблемы.

Мальцаў паабяцаў, што новыя захады не парушаць абавязкаў Беларусі ў рамках Мытнага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?