Канцэрт дуэта Rockerjoker з Беларусі ў Любліне на акцыі «Ноч культуры» выклікаў неадназначную рэакцыю. Частка гледачоў горача прывітала гасцей канцэрта, а частка асвістала з крыкамі «Падонкі».Беларускі студэнцкі асяродак у Любліне заявіў пра сваё абурэнне з нагоды запрашэння аўтараў песні «Саня останется с нами».
Дуэт з Беларусі выступаў на вялікай сцэне на Літоўскім пляцы ў самым цэнтры Любліна. Арганізатары вырашылі, што Rockerjoker закрые канцэрт у межах маштабнай акцыі «Ноч культуры», прысвечанай удзелу Любліна у конкурсе на званне культурнай сталіцы Еўропы — 2016.
«Гэта быў шыкоўны канцэрт на шыкоўным мерапрыемстве, — апавядае ўдзельнік Rockerjoker Макс Сіры.— Не ведаем, чаму нас выставілі граць апошнімі, але было сапраўды крута, на плошчы сабралася некалькі тысячаў чалавек. Нас горача падтрымлівалі, крычалі назву нашай краіны, выклікалі на біс».
Але частцы гледачоў запрашэнне Rockerjoker у Люблін прыйшлося не даспадобы. Выхад на сцэну музыкаў з Беларусі шэраг беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў гэтым горадзе, сустрэў крыкамі «Падонкі» і апушчанымі долу вялікімі пальцамі рук.
На інфармацыйнай старонцы Moje Miasto Lublin з’явіўся ліст аднаго з удзельнікаў стыхійнай акцыі на Літоўскім пляцы: «Гэты гурт вядомы ў Беларусі песняй пад назвай «Саня останется с нами», якая стала гімнам выбарчай кампаніі дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.
Як вялікі цынізм у дачыненні да палітвязняў ды іх сем’яў можа быць ацэненае выкананне гэтай камандай шансону на расейскай мове[ў Любліне]».
Гэты ліст падпісаў студэнт Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Віктар Шукеловіч.
«Дадзены ліст не выклікае ў мяне аніякіх эмоцый, — адказае яму Макс Сіры. — Юнацкі максімалізм. Цемрашальства. Аднабаковасць. Палітызаванасць.Скажоныя факты. А што да канцэрта, то дзякуй польскай публіцы і арганізатарам. Мы шчыра здзівіліся такому прыёму і радыя таму, як нас віталі. Спадзяемся, што ў нас на радзіме такія мерапрыемствы стануць рэальнасцю».
У Інтэрнэце тым часам ходзіць пародыя на «Саня останется с намі». Яна размешчана на сэрвісеЮ-Туб . Голас належыць вядомаму беларускаму спеваку.