Мінск пазычыў яшчэ 1 млрд даляраў у Туркменіі. Такім чынам агулам Мінск бярэ ў крэдыт 4 млрд даляраў, з якіх 3 млрд дае ЕўрАзЭС, піша газета «Труд».
Як раней заявіў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей, краіна дамовілася яшчэ пра адзін крэдыт на 1 млрд даляраў. Паводле яго словаў, Беларусь атрымае гэтыя сродкі «з іншай крыніцы», апроч раней вылучанага Мінску крэдыту з антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.
Як расказалі выданню ў расійскіх дыпламатычных колах Беларусі, грошы выдасць Туркменія. У тым ліку і па гэта Аляксандр Лукашэнка лётаў у Ашхабад у пачатку чэрвеня.
Праўда, «Незалежная газета» піша, што загадкавы мільярд гатовы пералічыць авансам за кантрольны пакет акцый «Беларуськалія» саўладальнік расійскага «Уралкалія» Сулейман Керымаў. Іншыя крыніцы паведамлялі, што мільярд будзе пералічаны ў ліку будучых паставак калію.
Інфармацыя газеты «Труд» пакуль не знайшла пацверджання ў афіцыйных крыніцах.