«Дарагія мама, тата. Калі вы прачытаеце гэты ліст, мяне ня будзе ў жывых. СМІ ўжо паведамяць, што ў горадзе здарылася няшчасьце — у паветра вылецеў абласны Палац культуры падчас канцэрту «За Беларусь!». Разам з публікай выбух прыхапіў на той сьвет увесь сонм беларускай эстрады.

Хутчэй, стрэлачнікам зробяць апазыцыю. «DJ Pazniak адгуляў канцэрт», — напіша Саўбелка. Або павесяць сабакаў на дырэктара ПК, які не скідаў з даху сьнег. Усё гэта лухта. Палац разам з сабою ўзарваў ваш сын!

Мяркую, што здагадваецеся аб матывах майго ўчынку. Я — фанат black-heavy-satan-dead-metal-rock, адэпты якога знаходзяцца ў стане пэрманэнтнай вайны з папсой.

Я прыйшоў да думкі, што графіці ў ліфтах — дзяцінства. Навалу папсы можа прыпыніць толькі радыкальны акт. Прасьвятленьне найшло, калі я слухаў запіс гурту «Крадзі-талкай», дзе саліст сьпявае: «Gazmanov must die! Metal long live!»

Спачатку я меркаваў, што аднаго жмурыка-папсавіка будзе дастаткова, каб прымусіць усіх выканаўцаў шлягераў назаўсёды заткнуцца. І тут пабачыў афішу «За Беларусь!». Гэта быў знак лёсу! Нэўтралізаваць скопам Агурбаш, Жанэт, Газманава — усіх, хто замінае нашай справе. Ад гэтай думкі мяне перла, як ад соткі дэцыбэлаў!

Самае цяжкае было дастаць запрашальнікі, якія распаўсюджваюцца толькі сярод ляяльнай моладзі.

Вы заўважылі, дарагія бацькі, што апошнім часам са мною адбыліся перамены. Я пастрыгся пад лоха, падпісаўся на «Знамя юности» і зьбіраў подпісы за АГЛ на мясцовай піўнусе. Вы думалі, што мае псыхічныя дэвіяцыі набываюць больш небясьпечную форму. Не, гэта было часткай майго пляну, каб атрымаць запрашальнік.

Цяпер ён перада мною. Таксама як і кіляграм трацілу. Праз хвіліну я ім абматаюся і рушу ў ДК. Як толькі Сітнік зацягне «На ладошках неба пляшут…», я з крыкам «Няхай жыве black-heavy-satan-dead-fuck-metal-rock!» прывяду машынку ў дзеяньне.

Ваш сын Уладзя Б.

02.03.06»

P.S.: Уладзя Б. здолеў пранікнуць у ДК. Аднак, калі Сітнік пачала сьпяваць, мэталюгу так пацягнула на рвакі, што давялося выклікаць хуткую. Па факце знаходжаньня ванітаў у памяшканьні, дзе мела месца афіцыйнае мерапрыемства, заведзена справа паводле артыкулу «дыскрэдытацыя дзяржаўнага ладу РБ». Сьледзтва працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0