10 чэрвеня 40 гадоў споўнілася экс-кандыдату на пасаду прэзідэнта, палітвязню Дзмітрыю Усу. Так супала, што акурат у гэты дзень яго этапавалі ў калонію ў Магілёў.

Дзмітрый Ус нарадзіўся 10 чэрвеня 1971 у Мінску. Скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта. Беспартыйны. Жанаты, гадуе дваіх дзяцей.

Працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл» у Мінску, пазней — у сферы будаўніцтва. З 1992 — дырэктар выдавецтва «Трывіум». У 1999–2003 быў дэпутатам Мінскага гарадскога савета, затым на выбарах у 2003 і 2007 яго не зарэгістравалі. У 2010 браў удзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, але прайграў, набраўшы, паводле звестак Ярмошынай, 33% галасоў.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах у снежні 2010. Затрыманы ў Мінску ў ноч з 19 на 20 снежня пасля масавай акцыі пратэсту. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Днём 20 снежня выпушчаны адтуль пад падпіску пра нявыезд. Доўгі час з’яўляўся падазраваным па справе аб масавых беспарадках. Абвінавачванне па артыкуле 293 КК прад’яўлена 18 сакавіка 2011 (арганізацыя масавых беспарадкаў).

26 мая суддзя Людміла Грачова прызнала яго вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў. Ус быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зняволення. Болей атрымаў толькі Мікола Статкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?