Бензін, вывезены фізічнай асобай больш за адзін раз на працягу пяці сутак, будзе абкладацца экспартнай пошлінай. Але ў Расію і Казахстан — вазі, колькі хочаш.
Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў ад 10 чэрвеня № 753 «Аб некаторых пытаннях рэгулявання вывазу аўтамабільнага паліва з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», якое
набывае моц з 8 гадзін раніцы 11 чэрвеня, паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.
Згодна з дакументам да тавараў для асабістага карыстання, якія вывозяцца з тэрыторыі Беларусі фізічнымі асобамі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза, не адносіцца аўтамабільнае паліва (коды 2710 11, 2710 19 адзінай Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці Мытнага саюза) у выпадку выезду фізічнай асобы на транспартным сродку больш за адзін раз на працягу пяці сутак.

Вышэйзгаданая норма не распаўсюджваецца на:

— супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў, міжнародных арганізацый, прадстаўніцтваў гэтых арганізацый і членаў іх сем’яў — пры прад’яўленні дыпламатычных (службовых) пашпартаў або іншых дакументаў, якія пацвярджаюць іх статус;

— фізічных асоб, якія працуюць у дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях, а таксама ваеннаслужачых, асоб кіруючага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, органаў фінансавых расследаванняў, якія накіроўваюцца ў службовыя камандзіроўкі за мяжу, — пры прад’яўленні выпісак з рашэнняў адпаведных органаў (арганізацый) і (ці) камандзіровачных пасведчанняў, выдадзеных гэтымі органамі (арганізацыямі);

— фізічных асоб, якія выязджаюць на лячэнне і (ці) кансультацыю, — пры прад’яўленні адпаведных дакументаў, санаторна-курортных карт ці пуцёвак;

— работнікаў дзяржаўных арганізацый дзяржаў — членаў Мытнага саюза, што знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў, — пры прад’яўленні службовых пасведчанняў;

— вадзіцеляў аўтатранспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі пасажыраў, — пры прад’яўленні дазволаў на перавозку пасажыраў аўтобусамі ў міжнародных зносінах або фармуляраў (спісаў пасажыраў) (для замежных міжнародных перавозчыкаў пасажыраў і багажу);

— фізічных асоб, якія перасякаюць мытную мяжу Мытнага саюза ў Рэспубліцы Беларусь на падставе працоўных віз, выдадзеных у дзяржавах — членах Мытнага саюза або ў замежных дзяржавах.

Пытанне ўвядзення абмежавальных мер «для прадухілення спекуляцыйнага вывазу ў сумежныя краіны сацыяльна значных тавараў» абмяркоўвалася 10 чэрвеня падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Леанідам Мальцавым. На сустрэчы таксама прысутнічала кіраўніцтва МУС, КДБ, Дзяржаўнага мытнага і Дзяржаўнага пагранічнага камітэтаў, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка «завастрыў увагу на праблеме актыўнага вывазу ў сумежныя краіны сацыяльна значных тавараў, у тым ліку аўтамабільнага паліва, прадуктаў харчавання, на якія цэны ў Беларусі значна ніжэйшыя, чым у суседзяў». «Таму, натуральна, ствараецца не проста пагроза, а мы назіраем неарганізаваны, ва ўрон нашым таваравытворцам вываз гэтай прадукцыі», — адзначыў афіцыйны лідар.

Паводле яго слоў, калі дзейнічаць рыначнымі мерамі, то трэба было б значна падняць цэны на ўнутраным рынку, што ў цяперашняй сітуацыі немагчыма. «Таму вымушаная, але, на жаль, мера неабходная, якую трэба ўвесці, — спыніць несанкцыянаваны спекуляцыйны вываз з Беларусі тавараў за межы краіны», — сказаў Лукашэнка.

Разам з тым ён падкрэсліў, што забараняць вываз тавараў не плануецца: «Напрыклад, калі вязеш паліва ў Літву, заплаці экспартную пошліну на гэты бензін ці нафту, ці дызпаліва і вязі, калі ласка — ніхто не супраць».

Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні даручыў выпрацаваць комплекс мер і ўжо з 11 чэрвеня пачаць іх рэалізацыю па спыненні спекуляцыйнага вывазу прадукцыі. У дачыненні да парушальнікаў ён запатрабаваў дзейнічаць «самым сур’ёзным чынам».

«Меры прымайце любыя, аж да канфіскацыі маёмасці, якой яны карыстаюцца для вывазу гэтых прадуктаў (аўтамабіль, каляска, конь і г.д.). Нельга — значыць нельга», — заявіў беларускі кіраўнік.

«Прынятыя рашэнні, і гэтыя рашэнні ўжо ўвасабляюцца ў жыццё, што пры вывазе за тэрыторыю Мытнага саюза аўтамабільнага паліва і іншых сацыяльна значных тавараў, на якія існуе розніца цэн, будуць прымяняцца адпаведныя пошліны ці зборы, якія будуць кампенсоўваць гэтую розніцу цэн», — паведаміў Леанід Мальцаў.

Паводле яго слоў, гэта агульнасусветная практыка абароны ўнутранага рынку ў інтарэсах сваіх грамадзян.

Ён падкрэсліў, што ўсе абмежаванні будуць уводзіцца «ў строгай адпаведнасці з абавязацельствамі, якія прыняла на сябе Беларусь у межах міжнародных дамоўленасцяў, і будуць насіць часовы характар».

Стаўка вывазной мытнай пошліны на таварны бензін складае 415,8 долара ЗША за 1 тону, на вадкае паліва — 215,8 долара за тону.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?