Мінулым разам я абяцаў трохі распавесьці пра логава вераломнага монстра.

Дык вось, трапіць у НАТО — як двойчы два.

Сядаеце на 21-ы аўтобус ля каралеўскага палаца ў Брусэлі, і празь нейкія 15-20 хвілінаў вы на месцы. Прыпынак так і называецца — "НАТО".

За агароджай адразу кідаецца ў вочы рагаты знак — эмблема альянсу. На яе фоне надта любяць весьці рэпартажы тэлежурналісты.

(Сам я, дарэчы, без праблемаў перадаў матэрыял з логава монстра з выкарыстаньнем "варожай" тэлефоннай сувязі.)

Увогуле ж комплекс будынкаў штаб-кватэры выглядае вельмі сьціпла. Напачатку яны прызначаліся для... радзільнага дому.

Памятаю, хлапчуком, разглядаючы малюнкі ў "Вожыку", наткнуўся на дубовы палітычны верш пра тое, як "французы цётку НАТУ прэч прагналі з сваёй хаты".

Сапраўды, "монстру" давялося атабарыцца ў прыстасаваных на хуткую руку шпітальных памяшканьнях пасьля таго, як у 1966-м генэрал дэ Голь раптоўна папрасіў НАТО з Парыжу.

Францыя тады на глебе супярэчнасьцяў з амэрыканцамі пакінула вайсковую арганізацыю альянсу. Але, заўважце, засталася ў ягоных палітычных структурах.

Гэта адметны момант. Бо айчынная прапаганда сьледам за савецкай малюе Паўночнаатлянтычны альянс кублом агрэсыўных генэралаў. Насамрэч рэй там вядуць палітыкі.

Так што ў НАТО, лічы, два логавы. У бэльгійскай сталіцы месьцяцца менавіта палітычныя структуры. Там найболей клеркаў пры гальштуках. А ваякі сядзяць кілямэтраў за шэсьцьдзесят, пад Монсам.

Прычым яны мусяць цалкам падпарадкоўвацца "цывільным шпакам". І самі ня могуць ажыцьцявіць ніякага "агрэсыўнага пляну".

Палітыкі ж, у сваю чаргу, дамаўляюцца толькі кансэнсусам. Ісляндыя, ў якой увогуле няма войска, фармальна мае такі ж голас, як Штаты. Так што гэтаму шматгаловаму монстру скаардынавацца надта няпроста!

Зрэшты, не дурны чалавек сказаў: вайна — занадта сур'ёзная рэч, каб давяраць яе вайскоўцам.

Але давайце нарэшце адчынім браму ў Монсе.

Вось за гэтай агароджай сапраўды шнуруюць туды-сюды бамбізы ў камуфляжы з закасанымі рукавамі — дзеці розных народаў і расаў.

Не дзівіцеся, калі сярод гэтага мілітарысцкага Бабілёну мільгануць пагоны з зорачкамі прасавецкага ўзору. Да логава монстра прыкамандзіраваны і афіцэр беларускага войска. Наша краіна з 1995 году удзельнічае ў "Партнэрстве дзеля міру".

Прычым натаўцы высока адгукаюцца пра гэтую супрацу. Пакуль прапаганда палохае нашага абываталя, профі з абодвух бакоў выдатна знаходзяць агульную мову. Профі ведаюць цану танным страшылкам.

Міты пра "монстра" не вытрымліваюць аніякай крытыкі.

Напрыклад, няма ў прыродзе ні "войскаў НАТО", ні "базаў НАТО". Пры неабходнасьці дзеля выкананьня нейкіх супольных задачаў вылучаюцца нацыянальныя аддзелы. Дзеля гэтых мэтаў тая ці іншая краіна можа дазваляць карыстаньне сваімі базамі. І ня болей.

...Колькі часу таму пасьля чарговага патэтычнага расповеду айчыннай тэлевізіі пра паветраныя орды НАТО, што шнуруюць уздоўж межаў сінявокай Айчыны, я патэлефанаваў у летувіскую амбасаду.

Па-першае, яна выконвае ў Беларусі функцыю кантактнага прадстаўніцтва альянсу. Па-другое, менавіта з аэрадрому Закняй, што пад Шаўляем, уздымаюцца ў паветра асы з краінаў НАТО (пры тым што гэтая база, заўважце, застаецца пад юрысдыкцыяй Летувы!).

— Колькі ў вас там зараз зьнішчальнікаў? — пытаюся.

— Ды чатыры, як і раней! — ахвотна выдалі мне стратэгічны сакрэт.

Чаму ня могуць патэлефанаваць такім самым чынам з тэлевізіі? Таму, пэўна, што пужалка адразу лопне як бурбалка.

Бо неба ўсіх трох краінаў Балтыі, лічы, чыста сымбалічна патрулююць толькі чатыры самалёты. Дый то ня ўласныя. Тут, так бы мовіць, вахтавым мэтадам адпрацоўваюць па некалькі месяцаў на сваёй тэхніцы пілёты са "старых" дзяржаваў НАТО — бэльгійцы, немцы, брытанцы, нарвэгі... У Летувы, Латвіі ды Эстоніі няма ніводнага сучаснага зьнішчальніка. Дорага!

Між тым вайсковы зьвяз Беларусі і Расеі мае ў гэтым рэгіёне некалькі соцень баявых крылатых машынаў.

Вось і мяркуйце, наколькі маюць пад сабой грунт істэрычныя заклінаньні пра пагрозу. Далібог, няёмка бывае за нашых чыноў у пагонах, змушаных удзельнічаць у прапагандовых спэктаклях!

Аднойчы тая самая летувіская амбасада наладзіла круглы стол на тэму міратворчых апэрацыяў, запрасіўшы на дыскусію беларускіх афіцэраў.

І вось бярэ слова выступоўца ад НАТО.

Давайце знаёміцца, кажа. Добра так прамаўляе, без акцэнту.

Я, кажа, палкоўнік-лейтэнант (то бок па-нашаму падпалкоўнік) Аляксандар Цемналонскі зь генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Летувы. Скончыў сувораўскую вучэльню ў Ленінградзе, потым вучэльню супрацьпаветранай абароны ў Кіеве, служыў камбатам у Карэліі...

Трэ' было бачыць, як адразу расслабіліся нашы афіцэры. Можна сказаць, з аднаго кацялка з "монстрам" некалі сёрбалі, з аднаго алюміневага кубка грэліся!

...А каму і нашто патрэбныя пужалкі, вы і самі добра разумееце.

Фота AP і з архіву аўтара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?