і не даў праверыць сябе на алкаголь.

У 5.30 раніцы ў нядзелю 12 чэрвеня ў цэнтры Мінска, на рагу праспекта Пераможцаў і вуліцы Мельнікайце, сутыкнуліся два супердарагія аўто.
Паводле словаў відавочцаў, вінаваты ў здарэнні быў кіроўца Bentley Continental GT. Яго вынесла на сустрэчную паласу. Кіроўца Lexus LX570 з расійскімі нумарамі, жыхар Слуцка, не паспеў зрэагаваць. Падчас аварыі ў салоне «Бэнтлі» загарэлася абшыўка, яе за пару хвілін удалося згасіць.
У інтэрнэце адразу з’явіліся меркаванні, што «Бэнтлі» належыць Міхаілу Захараву — галоўнаму трэнеру мінскага хакейнага клуба «Юнацтва».
Захараў уваходзіць у вузкі пул спартоўцаў, чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, якія гуляюць у хакей разам з Аляксандрам Лукашэнкам.

Відавочцы сцвярджалі, што за рулём «Бэнтлі» сядзеў мужчына.

Аднак

сяброўка Міхаіла Захарава Марына заявіла журналістам «Салідарнасці» ў панядзелак: за рулём была я. А Міхаіл Захараў, сказала яна, прыехаў на месца ДТЗ пасля
сутыкнення «Бэнтлі» з «Лексусам», калі яна яму пазваніла. І гэта, маўляў, спарадзіла чуткі, што ён вінаваты ў ДТЗ.
Аднак ДАІ распаўсюдзіла іншую інфармацыю: за рулём «Бэнтлі» знаходзіўся мужчына 1962 года нараджэння.
ДАІ традыцыйна не падае імёнаў удзельнікаў ДТЗ.

Журналісты выдання «Ежедневнік» пайшлі далей: яны здабылі дакументы ДАІ, якія ўказваюць, што за рулём «Бэнтлі-Кантыненталя» быў Міхаіл Захараў.

Прычым, «па знешніх прыкметах» ён быў п’яны.
Але ад медагляду адмовіўся — і меў права: згодна з законам, абавязковы медагляд кіроўцы ажыццяўляецца толькі ў выпадках, калі пры аварыі ёсць пацярпелыя. Аднак Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях адмову ад медагляду кваліфікуе таксама як кіраванне транспартам у стане ап’янення.

У дачыненні да Захарава былі складзеныя два адміністрацыйныя пратаколы — па арт. 18.16 п.1 за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення і адмову ад медычнай праверкі і па арт. 18.22 п.5 — за, уласна, парушэнне правілаў дарожнага руху. Яму пагражае пазбаўленне правоў на кіраванне аўто на тры гады.

Робіцца зразумела, піша «Ежедневнік», чаму дзяўчына кінулася грудзямі на амбразуру.

Сяброўка таксама ўдакладніла, што серабрысты «Бэнтлі» — яе, а ў самога Захарава — чорны. Яна казала, што аўто ёй падарылі, «але зрабіў гэта не Міхаіл Міхайлавіч».

У Беларусі такіх дарагіх аўто адзінкі. Bentley Continental GT належыць да апошняга абноўленага мадэльнага шэрагу кампаніі. Выпуск такіх аўтамабіляў пачаўся толькі вясной 2011 года. У Еўропе новае такое аўто базавай камплектацыі каштуе 154000 еўра, у ЗША — 189 900 даляраў.

Колькі ж зарабляе Міхаіл Захараў, раз можа сабе дазволіць аўто такога кшталту?
Ускосна пра заробкі хакеістаў у Беларусі сказаў дырэктар футбольнага клуба БАТЭ Анатоль Капскі. Ён наракаў на тое, што
«другасны хакеіст у мінскім «Дынама» атрымлівае нашмат больш, чым наш галоўны трэнер». У працяг прызнаўся, што трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка зарабляе $15 тысяч у месяц.

Так што, як жартуюць на інтэрнэт-форумах, Захараву, відаць, каб сабраць 190 тысяч даляраў, давялося «паэканоміць пару месяцаў».

У Мінску гавораць, што Захараў — часты госць начных клубаў.

* * *

Міхаіл Захараў

нар. у 1962, Усць-Каменагорск, Казахстан — у мінулым савецкі і беларускі хакеіст. У 2003—2005 і 2009—2010 быў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі. Цяпер галоўны трэнер мінскага хакейнага клуба «Юнацтва» і другі трэнер нацыянальнай зборнай Украіны. Заслужаны трэнер Беларусі.

* * *

Bentley Continental GT

належыць да апошняга абноўленага мадэльнага шэрагу кампаніі. Выпуск такіх аўто пачаўся вясной 2011. У Еўропе новая машына базавай камплектацыі каштуе 154 000 еўра, у ЗША — 189 900 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?