Міжнародны валютны фонд: Беларусь павінна правесці структурныя змены ў эканоміцы, каб атрымаць новы крэдыт.

Міжнародны валютны фонд прапануе ўраду і Нацыянальнаму банку Беларусі правесці поўную лібералізацыю на ўсіх сегментах валютнага рынку і ўніфікацыю абменнага курсу беларускага рубля. Пра гэта заявіў кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Крыс Джарвіс 13 чэрвеня на брыфінгу ў Мінску.

Кіраўнік місіі адзначыў, што МВФ папярэджваў аб негатыўных тэндэнцыях, якія развіваюцца ў эканоміцы Беларусі. Разам з тым ён прызнаў, што крызіс аказаўся мацнейшым і развіваўся хутчэй, чым меркавалі эксперты МВФ.

Кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Крыс Джарвіс на выніковай прэс-канферэнцыі ў панядзелак пасля двухтыднёвай працы місіі ў Мінску канстатаваў недастатковую каардынацыю дзеянняў эканамічных ўладаў Беларусі — урада, Нацбанка і Адміністрацыі прэзідэнта.

«У ходзе работы місіі мы з усімі прадстаўнікамі эканамічных уладаў ставілі пытанне аб недастатковай каардынацыі іх дзеянняў. Гэтыя пытанні абмяркоўваліся і ва ўрадзе, і ў Нацбанку, і ў Адміністрацыі прэзідэнта», — сказаў К. Джарвіс

«Нас усё запэўнілі, што будуць удасканальваць работу па каардынацыі»,

— сказаў К. Джарвіс. Пры гэтым ён адзначыў, што пры дапушчальнасці захавання розных меркаванняў адносна эканамічнай палітыкі «вельмі важна на пэўным этапе дасягнуць кансенсусу».

У прыватнасці, К. Джарвіс адзначыў, што

«сёння ні ўрад, ні Нацбанк не маюць уяўлення, што можна назваць рынкавым абменным курсам беларускага рубля».

Пры гэтым ён у чарговы раз заклікаў беларускія ўлады перайсці да рэжыму рухомага курсаўтварэння, што дазволіць эканамічным контрагентам даведацца рэальнае, рынкавае значэнне абменнага курса. Кіраўнік місіі выказаўся ў падтрымку мараторыя на правядзенне валютных інтэрвенцый з боку Нацбанка, які быў уведзены ў сакавіку.

На думку прадстаўніка МВФ, аднаўленне інтэрвенцый Нацбанка на валютным рынку мэтазгодна будзе толькі ў выпадку пераходу да рухомага абменнага курсе для падтрымання курсу на працягу гандлёвага дня. Пры гэтым К. Джарвіс падкрэсліў,

што «мы рэкамендуем правесці лібералізацыю курсу на ўсіх сегментах рынку і цалкам уніфікаваць яго».

Кіраўнік місіі крытычна адазваўся аб апошніх рашэннях уладаў, якія ўвялі жорсткае рэгуляванне цэнаўтварэння і фактычна замарозілі рознічныя цэны.

«Не думаю, што абмежаванне цэнаў з’яўляецца добрай ідэяй. Гэта прывядзе да ўзнікнення дэфіцыту», — сказаў К. Джарвіс, паведамляе Інтэрфакс.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?