Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар сустрэўся з удзельнікамі акцыі пратэсту на пагранічным пераходзе "Варшаўскі мост" пад Брэстам.

Сумар прыехаў на пераход у 19.30, праз 1 гадзіну 20 хвілін пасля таго, як з прысутнымі пачалі дыялог кіраўнікі Брэсцкай пагранічнай групы Сяргей Брытаў, Брэсцкай мытні Леанід Досаў і УУС Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Сычэўскі.

Удзельнікі акцыі паставілі перад Сумарам пытанне аб свабодным праездзе аўтамабіляў, калі ў баках будзе не больш як 10, максімум 15 літраў паліва.

Чыноўнік выказаў надзею на вырашэнне праблем, што ўзніклі пасля ўваходжання ў сілу пастановы Савета міністраў аб новым парадку вывазу з Беларусі за межы Мытнага саюза дызельнага паліва і шэрагу іншых тавараў.

Сумар паведаміў, што будзе інфармаваць Мінск аб сітуацыі на мяжы.
Паводле яго слоў, у хуткім часе ў сталіцы будзе абмяркоўвацца пытанне аб рэалізацыі гэтага ўрадавага дакумента.

Прыкладна ў 19.50 размова завяршылася, прысутныя разышліся. Увесь гэты час пагранпераход працаваў у звычайным рэжыме.

Напярэдадні акцыя пратэсту прайшла ў пункце пропуску "Брузгі".
Кіроўцы перакрылі дарогу, патрабуючы адмяніць пастанову Савета міністраў. На месца выязджаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра. Акцыя завяршылася затрыманнем 22 чалавек. 13 чэрвеня Гродзенскі раённы суд пачаў разглядаць адміністрацыйныя справы. Затрыманых штрафуюць на буйныя сумы.
З 11 чэрвеня ў Беларусі дзейнічаюць абмежаванні на вываз фізічнымі асобамі аўтамабільнага паліва.
Паліва, што вывозіцца больш як адзін раз на працягу пяці сутак за межы Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі, абкладаецца экспартнай пошлінай. 12 чэрвеня ўстаноўлены забарона і спецыяльны збор на вываз асобных тавараў за межы Мытнага саюза.

Гэтыя рашэнні ўлады тлумачаць неабходнасцю абароны спажывецкага рынку ва ўмовах крызісу.

Забарона на вываз тавараў і паліва ўдарыла па жыхарах заходніх прыгранічных раёнаў Беларусі, для многіх з якіх памежны гандаль з'яўляецца асноўным сродкам заробку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?