Кіраўнік праўладнага Саюза журналістаў, рэдактар газеты «Рэспубліка» Анатоль Лемяшонак пракамэнтаваў напрэс-канферэнцыі ў панядзелак справу блогера і журналіста польскай «Газэты выборчай» Андрэя Пачобута, суд над якім пачынаецца заўтра.
«Я пацікавіўся гэтым пытаньнем, дык мне сказалі, што там — чыстая крымінальшчына», — заявіў Лемяшонак [Пачобута вінавацяць у дыскрэдытацыі прэзідэнта і паклёпе на прэзідэнта — НН].
«Калі абсалютна ляяльны да ўлады Аляксандр Варламаў трапіўся на такіх момантах, якія яму прад’яўляюць [нямэтавае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў — НН]… Ён абсалютна ляяльны да ўлады, ён не апазыцыянэр, але яго ж таксама зьбіраюцца судзіць. То чаму з іншых, вашых прадстаўнікоў, павінны зрабіць палітычных пакутнікаў?» — сказаў ён.
«Ведаем мы гэтыя гульні, ну гуляць — гуляйце. Але нават у гульнях, дзіцячых, дарослых, павінен быць нейкі ўзровень прыстойнасці. Калі мы не можам быць інтэлігентнымі людзьмі, то хаця б годнымі», — сказаў Лемяшонак.