Чыноўнікам неабходна больш сустракацца з працоўнымі калектывамі і выступаць у прэсе. Такое меркаванне журналістам 13 чэрвеня выказаў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі пасля сустрэчы з рабочымі ў ААТ «КІМ» у Віцебску.
На думку Алега Праляскоўскага, што сфарміравалася ў ходзе шматлікіх паездак па краіне і сустрэч з насельніцтвам, незалежнасць Беларусі людзі ставяць вышэй за ўсё. «Самае галоўнае — людзі разумеюць, што мы пабудавалі краіну.
Яны гатовы зацягнуць паясы, але Беларусь будзе», — перакананы ён.
Разам з тым у час сустрэч гучыць справядлівая крытыка ў адрас кіраўнікоў прадпрыемстваў і чыноўнікаў аб нясвоечасовым і недакладным выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы.
«Калі б мы ўсе дакладна і ў тэрмін выконвалі ўстаноўкі прэзідэнта, нам цяпер было б лягчэй»,— канстатаваў Алег Праляскоўскі. Гэта датычыцца ў першую чаргу рэалізацыі праграм імпартазамяшчэння, укаранення мясцовых відаў паліва.
«Людзі ведаюць, што ўлада пад кіраўніцтвам прэзідэнта ўсё, што абяцае, выканае. Гэта ўлада павінна ісці і расказваць: са старонак газет, з экранаў тэлевізараў, па радыё. Людзі павінны разумець сутнасць таго, што робіць дзяржава», — перакананы міністр інфармацыі. Нягледзячы на неабходнасць скарачэння дзяржаўных праграм, дзяржава як была сацыяльна арыентаванай, такой і застанецца. «У аснове як быў чалавек, так і будзе. Той лозунг, з якім выходзіў прэзідэнт на выбары, «Мы разам», цяпер набывае двайное значэнне. Толькі разам мы выйдзем з існуючай сітуацыі больш моцныя і з’яднаныя», — падкрэсліў Алег Праляскоўскі