Вышэйшы гаспадарчы суд Мінска сёння правёў паседжанне па разглядзе касацыйнай скаргі Партыі БНФ і грамадскага аб’яднання БНФ на рашэнне суда аб вызваленні імі офісу на праспэкце Машэрава.

На суд з'явілася прадстаўніца ЖРЭА Савецкага раёна сталіцы, якому належаць правы на гэты будынак. БНФ не быў прадстаўлены нікім — ніхто з тых асобаў, на каго аформленыя адпаведныя дакументы для суду, з розных прычынаў сёння не мог прысутнічаць у судовай зале. Таму кіраўніцтва БНФ звярнулася ў суд з просьбаю перанесці паседжанне. Прадстаўніца ЖРЭА не настойвала на разглядзе пытання ў аднабаковым парадку.

У выніку суд вырашыў вярнуцца да гэтай справы ў аўторак, 21 чэрвеня.

У памяшканні на праспекце Машэрава, 8 (раней вуліца Варвашэні, 8), якое часта называюць «сядзібай БНФ», ад 1992 году знаходзіцца цэнтральны офіс партыі. Напрыканцы мінулага года з ЖРЭА Савецкага раёна ў БНФ паведамілі, што памяшканне трэба вызваліць. Паколькі БНФ адмовіўся гэта зрабіць, ЖРЭА звярнулася ў суд і пакуль выйграе працэсы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?